У мерапрыемстве прымалі ўдзел начальнік ДУ «Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці» Лілія Пулко, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама Таццяна Ярмак, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзій Актанаровіч, прадстаўнікі профільных аддзелаў райвыканкамаў і кіраўнікі прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання Міншчыны.
На парадку дня калегіі было азнаямленне з работай швейнага цэха, цэха па вырабе рытуальнай прадукцыі, ювелірнай майстэрні, новай пральні, цэха па вырабе металаканструкцый, шынамантажу, аўтакрамы, участка па рамонце складанай бытавой тэхнікі, салона рытуальных паслуг. Удзельнікі мерапрыемства наведалі сельскі комплексны прыёмны пункт у Красным, цырульню «Купалінка» і рытуальную залу на вуліцы Янкі Купалы, «Style-цэнтр» на вуліцы Прытыцкага.
Як адзначыў дырэктар таварыства Арцём Русакевіч, дзяржаўнае прадпрыемства ў стане канкурыраваць на рынку паслуг з прыватнымі арганізацыямі. А па многіх напрамках дзейнасці нават апярэджваць іх. Так, «Завод Рамбыттэхніка» адзіны ў вобласці дзяржаўны суб’ект гаспадарання, які вырабляе ювелірныя ўпрыгажэнні з матэрыялаў заказчыка. Прыёмныя пункты маладзечанскай «ювеліркі» працуюць у Барысаве, Слуцку, Салігорску, Астраўцы. У хуткім часе такі пункт з’явіцца ў Мінску.
— Нядаўна была ўведзена ў эксплуатацыю пральня з сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, — падкрэсліў дырэктар. – Грошы паступілі ад продажу часткі маёмасці, якая належала таварыству. Заказы ідуць ад прыватных асоб і арганізацый. У перспектыве пральня будзе абслугоўваць заказчыкаў па ўсёй вобласці.
Прадпрыемства выконвае сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва ў горадзе і сельскай мясцовасці. З дзесяці сельскіх комплексных прыёмных пунктаў на тэрыторыі Маладзечаншчыны сем належаць заводу. Важна і тое, што тут асвойваюць новыя віды паслуг, ствараюць рабочыя месцы. Пры гэтым сродкі на мадэрнізацыю зарабляюць самі. Гэта дадатковы фактар фінансавай устойлівасці.
Удзельнікам калегіі быў цікавы вопыт маладзечанцаў па рэалізацыі ўласнай прадукцыі і пашырэнні спектра паслуг. Так, ва ўсіх падраздзяленнях таварыства ёсць магчымасць набыць вырабы завода. А заказы на рамонт бытавой і прамысловай тэхнікі, электраінструментаў прымаюцца па адзіным кароткім нумары 167. Нават такая «дробязь», як уладкаванне дзіцячага месца ў цырульні «Купалінка», дазваляе прыцягнуць дадатковую колькасць кліентаў.
У канцы мерапрыемства Лілія Пулко заклікала кіраўнікоў прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання вобласці больш актыўна выкарыстоўваць напрацоўкі маладзечанскіх спецыялістаў.
У тэму. За дасягненні ў 2017 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый у сферы паслуг ААТ «Завод Рамбыттэхніка» занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Такой пашаны прадпрыемства ўдастойваецца ў трэці раз.
Па выніках работы за мінулы год сельскі комплексны прыёмны пункт у Заскавічах (структурнае падраздзяленне таварыства) быў прызнаны лепшым у Беларусі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.