— Аплачваемыя грамадскія работы па ўборцы ўраджаю ў сельгасарганізацыях нашага раёна арганізаваны сёлета з 7 верасня. Удзельнічаць у іх могуць не толькі зарэгістраваныя беспрацоўныя грамадзяне, але і ўсе жадаючыя, за выключэннем некаторых катэгорый (напрыклад, непаўналетніх і людзей, якія маюць абмежаванні па здароўі), — адзначае начальнік аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Варатынская. – Прадугледжаны два віды дзейнасці – сельгасработы і нарыхтоўка другаснай сыравіны. Жадаючых прыняць удзел у аплачваемых грамадскіх работах, на жаль, становіцца менш. А нядаўна нават чэргі былі, каб запісацца. Цэлымі сем’ямі ездзілі ў суботу ці нават спецыяльна бралі працоўны водпуск у сезон нарыхтоўкі агародніны. І ўсё ж некаторыя, як і раней, выкарыстоўваюць магчымасць папрацаваць як у рабочы дзень, так і ў суботу. Сельгасработы звычайна пачынаюцца з уборкі цыбулі і бульбы.
Сёлета раённая служба занятасці заключыла дзесяць дагавораў аб парадку і ўмовах правядзення аплачваемых грамадскіх работ. Традыцыйна ў спісе фермерскія гаспадаркі Ігара Пакуша і Алены Троцкай, размешчаныя непадалёк ад Радашковіч.
За 9 месяцаў гэтага года ў такіх работах прынялі ўдзел 570 чалавек.
Запас бяды не чыніць
На дальняй пляцоўцы маладзечанскага аўтавакзала незадоўга да васьмі гадзін раніцы мы ўбачылі некалькі дзясяткаў чалавек. Большасць з іх жанчыны. Падышлі пазнаёміцца з добраахвотнікамі.
Людміла Дзмітрыеўна жыве ў Маладзечне на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Раней працавала на «Спадарожніку», цяпер на заслужаным адпачынку. Мае дачу ў Шыпулічах. Жанчына ведае, што добры запас бяды ніколі не чыніць.
— Езджу, бо няма чаго рабіць, — жартуе субяседніца. — А калі сур’ёзна, то і агародніна патрэбная, і грошы лішнімі не будуць. Вясковыя работы нават для маладых лёгкімі не назавеш, тым не менш я не адмаўляюся ад магчымасці запасціся на зіму вітаміннай прадукцыяй. У фермерскай гаспадарцы Алены Троцкай убірала бульбу, моркву, буракі…
Маладзечанцы Святлана Іванаўна і Руслан Піманавіч расказалі, што ўдзельнічаюць у грамадскіх аплачваемых работах кожны сезон. Робяць запасы на зіму для ўсёй сям’і.
— Некаму патрэбны яблыкі, а нам агародніна, найперш бульба, — гаворыць Святлана Іванаўна. — Працоўны адпачынак па графіку ў мяне выпаў на верасень, і гэта вельмі зручна для асенніх работ. Сёлета ездзім ужо трэці тыдзень. Раней працавалі і ў гаспадарцы «Усход-Агра», але найбольш у Алены Троцкай. Бульба ў яе заўсёды смачная, а вось гатунак трымаецца ў сакрэце. Надвор’е нармальнае, настрой добры. Раненька ўсталі, прыехалі з вуліцы Вілейскай — і гатовы да рабочага дня.
— Няма ніякіх цяжкасцей, каб запісацца на работы, — далучаецца да размовы Руслан Піманавіч. — Трэба з пашпартам прыйсці ва ўпраўленне па працы, там усё растлумачаць, унясуць у спісы. Калі ездзіш не кожны дзень – трэба сказаць загадзя або папярэдзіць па тэлефоне. З сабой бяром вёдры на бульбу, пальчаткі, абед, бо працуем да 16.00-17.00. Калі едзем на капусту – там свой «набор». Інвентар могуць і выдаць, але са сваім больш зручна. Добра, што разлік у канцы дня грашыма і агароднінай.
Дадатковую інфармацыю па тэме аплачваемых грамадскіх работ можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: вул. Прытыцкага, 5,
каб. 207. Тэл. 74-62-07.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.