Новости Молодечно и Молодечненского района

Около Городка появился парк

  • 2019-04-19 08:42:25
  • Алег Бяганскі

У мерапрыемстве прымалі ўдзел старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, работнікі райвыканкама, лясгаса, раённай інспекцыі па ахове прыроды, ГРАНС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і іншыя.
Усяго высаджана каля паўтары сотні маладых ліп. Дрэўцам па пяць гадоў. Вырашчаны яны ў Маладзечанскім лясным гадавальніку. Яшчэ ў парку будуць расці лістоўніцы і клёны.
Размешчаны новы экалагічны і культурны аб’ект ля вадасховішча недалёка ад вадзянога млына. Плошча парку складзе 2,5 гектара. Ён  значна павялічыць прывабнасць адпачынку ў адным з найбольш самабытных населеных пунктаў Маладзечаншчыны.

Як адзначыў Юрый Горлаў, пасадзіць дрэва павінен кожны жыхар горада і раёна. Гэтым людзі ўнясуць свой уклад у азеляненне малой радзімы, зробяць яе больш прыгожай.

— Гэты год надзвычай важны для Беларусі, — падкрэсліў Юрый Мікалаевіч. – Сёлета краіна адзначае 75-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рэспубліцы праводзяцца другія Еўрапейскія гульні. Працягваюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года малой радзімы. Таму навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый набывае асаблівае значэнне.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што суботнікі ў нашай краіне праводзяцца традыцыйна. Арганізуюцца яны і на Маладзечаншчыне. Пры гэтым значную дапамогу вяскоўцам аказваюць гараджане. Прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый дапамагаюць наводзіць парадак на малочнатаварных фермах, мехдварах, добраўпарадкоўваць сельскія населеныя пункты. Немалаважна і тое, што шэфская дапамога аказваецца і пры правядзенні пасяўной кампаніі.
Юрый Горлаў заклікаў жыхароў не быць абыякавымі да малой радзімы і надалей падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на росквіт раёна і краіны.

У тэму. Як паведаміў намеснік дырэктара Маладзечанскага лясгаса Віталій Дземеш, удзел у «Тыдні лесу» на тэрыторыі раёна прынялі больш за 400 валанцёраў. Сярод іх мясцовыя жыхары, школьнікі, навучэнцы, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Усяго сёлета лясныя ўгоддзі Маладзечаншчыны павялічацца на 40 гектараў.

Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.