У заўтрашні дзень – з аптымізмам
Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Канстанцін Манюк, некалькі мінулых гадоў былі для калектыву даволі складанымі. Зменшылася колькасць заказаў, што паўплывала на аб’ём выкананых работ. Аднак цяпер негатыўныя тэндэнцыі пераадолены.
— З пачатку года таварыства ўпэўнена набірае абароты, — гаворыць дырэктар. — Будаўнікі асвойваюць новыя аб’екты, выйграюць тэндары, на прадпрыемства вяртаюцца былыя работнікі, павялічваецца геаграфія заказчыкаў. Больш чым на 20 працэнтаў вырасла заработная плата. Што адметна – у канкурэнтным спаборніцтве «Спецбудмеханізацыя» перамагае не за кошт заніжэння цаны, а дзякуючы якасці і аптымальным тэрмінам будаўніцтва.
Цяпер спецыялісты прадпрыемства задзейнічаны на ўзвядзенні сацыяльнага дома па вуліцы Сухой, газанапаўняльнай кампрэсарнай станцыі на ўездзе ў Маладзечна з боку Мінска, свінагадоўчага комплексу ля вёскі Палачаны, у будаўніцтве чатырох сянажных траншэй у раёне Гарадзілава, добраўпарадкаванні мікрараёна «Вясёлка» ў пасёлку Прылукі Мінскага раёна...
Прадпрыемства атрымала падрады на рэканструкцыю чыгуначных вакзалаў у Аляхновічах і Красным («Уша»).
Кааперацыя ў дзеянні
Якім бы паспяховым не было прадпрыемства, вырашаць вытворчыя задачы лепш разам. Гэта на «Спецбудмеханізацыі» разумеюць, таму і развіваюць кааперацыю. Арганізацыя разам з адкрытымі акцыянернымі таварыствамі «Строитель-197», «Будаўнік-169», «ПМК-212» уваходзіць у асацыяцыю «Маладзечнабуд».
Вышэйзгаданыя суб’екты гаспадарання праводзяць узгодненую сацыяльную палітыку, каардынуюць вытворчую дзейнасць.
Акрамя таго, структурнымі падраздзяленнямі таварыства з’яўляюцца асфальтабетонны завод, адзіная ў рэгіёне акрэдытаваная будаўнічая лабараторыя і кар’ер «Івонцавічы» паблізу Краснага.
Стаўка на якасць
— За ўсю сваю дзейнасць «Спецбудмеханізацыя» не атрымлівала нараканняў на якасць выкананых работ, — падкрэсліла намеснік кіраўніка прадпрыемства па сістэме менеджменту Галіна Гаўрылюк. – Таварыства заслужыла ў заказчыкаў дастойную дзелавую рэпутацыю, і гэта з’яўляецца значнай канкурэнтнай перавагай.
Вялікая ўвага ўдзяляецца якасці будаўнічых матэрыялаў, выкананню тэхналогіі будаўніча-мантажных работ. Усе матэрыялы, якія прымяняюцца пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, адпавядаюць устаноўленым тэхнічным нормам і патрабаванням.
У арганізацыі ўкаранёна сістэма ўпраўлення аховай працы СТБ 18001 і сістэма менеджменту якасці СТБ ІСО 9001.
Аб’ект сацыяльнага значэння
Напярэдадні Дня будаўніка карэспандэнты «Маладзечанскай газеты» разам з кіраўніцтвам таварыства наведалі некаторыя аб’екты, на якіх задзейнічаны работнікі прадпрыемства. Адзін з іх — «сацыяльны» 60-кватэрны пяціпавярховы дом па вуліцы Сухой.
— Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца ААТ «Забудова-буд», а наша прадпрыемства выступае ў якасці субпадрадчыка, — падкрэсліў Канстанцін Манюк. – Увод дома ў эксплуатацыю адбудзецца ў наступным годзе. Спецыялісты «Спецбудмеханізацыі» вядуць падрыхтоўчыя работы на будаўнічай пляцоўцы. Месца гэта забалочанае, таму трэба спачатку панізіць узровень грунтавых вод. Арганізацыі таксама даручана добраўпарадкаванне прысядзібнай тэрыторыі. На аб’екце працуюць такія вопытныя работнікі, як прараб Іван Ігнатаў, бульдазерыст Мікалай Комель і экскаватаршчык Франц Шахно.
Унікальны комплекс
Газанапаўняльная кампрэсарная станцыя ўзводзіцца па заказе ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». Здача комплексу ў эксплуатацыю намечана на лістапад гэтага года.
Як паведаміў галоўны інжынер будаўнічай арганізацыі Андрэй Рыбак, на аб’екце будзе зманціравана ўнікальнае для Беларусі абсталяванне. Станцыя павысіць транспартную прывабнасць Маладзечна, узмоцніць значэнне нашага горада як эканамічнага цэнтра Міншчыны.
Быць прыкладам для іншых
Поспехі калектыву былі б немагчымыя без граматнага кіравання, эфектыўнай работы з кадрамі, рацыянальнага планавання. Вось ужо амаль 30 гадоў гэтым займаецца Канстанцін Манюк.
Канстанцін Канстанцінавіч неаднойчы адзначаўся Ганаровым дыпломам як пераможца конкурсу ў намінацыі «Кіраўнік года» (конкурс праводзіцца профільным Міністэрствам і Саюзам будаўнікоў Беларусі), узнагароджваўся Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі, шматгадовую добрасумленную працу, быў адзначаны нагрудным знакам «За заслугі ў будаўніцтве». У 2004 годзе дырэктару аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за вялікі асабісты ўклад у выкананне рэканструкцыі і капітальнага рамонту дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У 2011 годзе Канстанцін Манюк быў удастоены спецыяльнай прэміі Мінскага аблвыканкама «Чалавек года Міншчыны-2010» у намінацыі «Вытворчая дзейнасць» за значны ўклад у развіццё сталічнага рэгіёна, а таксама рэалізацыю на практыцы эфектыўных ідэй і садзейнічанне асабістым удзелам ажыццяўленню дзяржаўных задач.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.