Новости Молодечно и Молодечненского района

Новы год: дзецям – падарункі, ласункі і клопат

  • 2016-12-29 09:24:09
  • Соб. инф.

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі: дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

Прадстаўнічая дэлегацыя наведала мясцовы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Сярод візіцёраў – рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марат Жылінскі, першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда краіны Валерый Калінковіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Людміла Канановіч.

Наборы мэблі для кухні і пакояў, спартыўны інвентар, грашовыя сертыфікаты і салодкія падарункі перадалі шэфы сваім падапечным.

Дружба з маладзечанскім філіялам №601 ААТ «ААБ Беларусбанк» пачалася ў 1996 годзе -- з дня адкрыцця цэнтра. Чарговы раз банкіры завіталі на навагодняе свята і ўручылі сертыфікат на 800 рублёў.

Прыйшлі і прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», работнікі  Маладзечанскага чыгуначнага вузла.

 Кнігі з казкамі Людміла Мікалаеўна Канановіч уручыла юным пацыентам мясцовай дзіцячай бальніцы і выхаванцам Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

… У сацыяльных установах раёна пабывалі прадстаўнікі многіх мясцовых арганізацый і службаў. Сярод тых, хто прымае актыўны ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах, -- гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях, медыцынскі каледж, дзіцячы цэнтр культуры «Расток». (Фота 8-11)

СШ №11

Старшыня праўлення Маладзечанскага аддзялення Беларускага фонду міру Святлана Чыжыкава разам з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама яна прывезла навагоднія падарункі для вучняў СШ №11, якія маюць парушэнні слыху.

Дзетак і іх бацькоў віншавалі Святлана Чыжыкава, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Васількоў, загадчыца сектара аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юлія Бахар. Дарэчы, сродкі на набыццё салодкіх падарункаў для дзяцей збіралі супрацоўнікі РАУС.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Святлана Пятроўна выказала аддзелам унутраных спраў і адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзе прайшлі марафоны міру.(Фота 12-18).

Сто падарункаў ад «Белай Русі»

Больш за 60 кілаграмаў шакаладных цукерак уручылі дзецям актывісты раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» у рамках агульнарэспубліканскай акцыі «100 падарункаў ад «Белай Русі».

Дабрачыннае навагодняе свята прайшло на базе Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка». Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў мнагадзетных і няпоўных сем’ях, атрымалі салодкія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі, паўдзельнічалі таксама ў забаўляльнай праграме, якую падрыхтавалі для іх акцёры тэатра лялек. І паглядзелі казачную пастаноўку «Тайна Снежнай каралевы».

З сюрпрызамі актывісты «Белай Русі» прыйшлі і на свята да маладых спецыялістаў, якія працуюць у сістэме цэнтральнай раённай бальніцы. Звыш 90 чалавек былі запрошаны на ўрачыстасць, якая прайшла ў малой зале Палаца культуры. Дзевятнаццаць з іх атрымалі членскія білеты арганізацыі. Цяпер яны таксама могуць далучыцца да добрых спраў. (Фота 19-21),

Школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку

Выхаванцаў наведала кіраўніцтва ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці і раённага аддзела, а таксама прадстаўнікі РУП «Белмедпрэпараты», абласной арганізацыі Беларускага саюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці, хакеісты «Дынама-Маладзечна».

Тэлевізар, настольны футбол, спартыўны інвентар і салодкія падарункі атрымалі выхаванцы школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку ад сваіх старэйшых сяброў.

 Разам з выхаванцамі на адной сцэне выступалі і педагогі, якія ператварыліся ў казачных персанажаў. Хакеісты з азартам паўдзельнічалі ў інтэлектуальным турніры «Што? Дзе? Калі?». (Фота 1-7)

 Тэкст: Ірына Рабушка і Алена Лашук.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Больш падрабязна – у «МГ» за 31.12.2016 г.