Новости Молодечно и Молодечненского района

Новая тэхніка дазваляе нарыхтаваць сто тон травы за гадзіну

  • 2020-06-12 07:56:50
  • Алег Бяганскі

— Уся справа ў агранамічных тэрмінах, — гаворыць намеснік дырэктара гаспадаркі Сяргей Кароль. – Звычайна пачатак другога ўкосу супадае з пачаткам уборкі рапсу, збожжавых і зернебабовых. Вось мы і вырашылі правесці першы этап «зялёнага жніва» апераджальнымі тэмпамі, каб травы аднавіліся раней, чым паспеюць іншыя культуры. У такім выпадку другі ўкос і жніво не супадуць, а значыць, будзе магчымасць задзейнічаць максімальную колькасць тэхнічных і людскіх рэсурсаў у кожнай кампаніі.

Нядаўна ў аграфірму «Лебедзева» паступіў унікальны корманарыхтоўчы комплекс са звышмагутным рухавіком. Прадукцыйнасць машыны складае прыкладна сто тон травы за гадзіну.

Укос тут пачаўся 29 мая і вядзецца хуткімі тэмпамі. У кампаніі задзейнічана каля двух з паловай дзясяткаў адзінак тэхнікі. Пад шматгадовыя травы занята 1450 гектараў. Пры гэтым 1100 — пры-
значана пад сянаж, 350 – пад сена. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складае прыкладна 130 цэнтнераў на гектар.

— Тэхналогія, што прымяняецца ў аграфірме, дазваляе за сезон праводзіць два-тры ўкосы шматгадовых траў, — працягвае Сяргей Валянцінавіч. – Першы прымеркаваны да фазы інтэн-
сіўнага росту люцэрна-злакавай сумесі. Потым ідзе падкормка раслін. І недзе праз паўтара месяца можна зноў выводзіць на палі кормаўборачныя комплексы. Такі канвеер дапамагае назапасіць дастатковую колькасць кармоў для буйной рагатай жывёлы на стойлавы перыяд.

Дарэчы, сянажныя траншэі ў гаспадарцы закладзены паблізу малочнатаварных комплексаў. Дзякуючы гэтаму змяншаюцца выдаткі на дастаўку корму да «спажыўцоў». Закладка сенажу адбываецца згодна з усімі тэхналагічнымі нормамі. Кантралююцца вільготнасць зялёнай масы, іншыя параметры. Спрыяе корманарыхтоўцы і надвор’е. Траву ў валках можна збіраць з поля літаральна праз 4-5 гадзін пасля пакосу.

Субяседнік падкрэсліў, што «зялёнаму жніву» папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Загадзя была прыведзена ў парадак тэхніка. Усе аўтамабілі і корманарыхтоўчыя камбайны аснашчаны рацыямі. У выніку значна павялічылася аператыўнасць выканання пастаўленых задач.
Немалаважную ролю адыгрывае і тэхнічная аснашчанасць гаспадаркі.

— Сёлета ў аграфірму паступілі два новыя аўтамабілі МАЗ. Гэта дазволіла павялічыць колькасць тэхнікі, што занята на адвозцы зялёнай масы, да 17 адзінак. У гаспадарцы ёсць рэзерв аўтамабіляў на выпадак раптоўнай паломкі, — адзначыў Сяргей Кароль.

Намеснік дырэктара паведаміў, што нядаўна ў аграфірму паступіў унікальны корманарыхтоўчы комплекс (адзіны ў Беларусі) са звышмагутным рухавіком. Прадукцыйнасць машыны складае прыкладна сто тон травы за гадзіну. Гэта нашмат скараціла перыяд корманарыхтоўкі.

Мы пацікавіліся ў механізатара Міхаіла Тамашэвіча, якому даверылі новую тэхніку, вартасцямі звышмагутнага комплексу.

— Працаваць стала больш камфортна, палепшыўся агляд з кабіны, — расказаў спецыяліст. — Параметры работы сістэм кантралюе камп’ютар. Напрыклад, змазка механізмаў праходзіць аўтаматычна. Выдатна, што такая тэхніка паступае ў аграфірму.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.