Новости Молодечно и Молодечненского района

Найбольш хадавы тавар – бульба

  • 2021-10-11 11:23:57
  • Алег Бяганскі

На кірмаш прыехала шмат прадаўцоў і пакупнікоў. Гандаль ішоў бойка. Быў прадстаўлены шырокі асартымент сезонных тавараў. Свае вырабы прапаноўвалі рамеснікі, гандлёвыя прадпрыемствы. Не сумавалі фермеры, прадстаўнікі садаводчых гадавальнікаў, прадпрымальнікі, рамеснікі. Усе тавары былі запатрабаваныя.

Цана кілаграма морквы і яблыкаў была каля 1,5 рубля, капусты – 1,2 рубля. Бульба каштавала ад 70 капеек да 1,1 рубля ў залежнасці ад велічыні клубняў і гатунку. Менавіта другі хлеб і быў хітом продажу. Людзі куплялі па некалькі мяхоў, неслі іх да прыпаркаваных паблізу аўтамабіляў або вывозілі на веласіпедах.

Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі аб гандлі некаторых удзельнікаў кірмашу.

Людміла СТРУЧКО (на фота справа):


— Жыву ў Смаргоні, займаюся рамесніцкай дзейнасцю. Пра кірмаш у Маладзечне даведалася з інтэрнэту. Найбольшым попытам сёння карыстаюцца пакетніцы ў выглядзе гусакоў. Такіх няма больш нідзе. Цяпер рынак завалены таннымі сувенірамі замежнай вытворчасці. А вось аўтарскія работы можна купіць менавіта на такіх кірмашах.

Сяргей ХАРУЖЫК:

— Прадаю карпаў і карасёў, выгадаваных у сажалцы «Цвецень». Рыба карыстаецца добрым попытам. У кірмашах удзельнічаю рэгулярна. Для прадаўцоў і пакупнікоў тут створаны добрыя ўмовы.

Таццяна ЛУГАВАЯ (на фота справа):


— Працую загадчыцай магазіна №44 ААТ «Маладзечнагандаль». У нашым павільёне прадстаўлены сезонныя тавары айчыннай вытворчасці: адзенне, ручнікі, трыкатажныя вырабы. Цэны даступныя. На кірмашах суб’екты гандлю прымяняюць мінімальную гандлёвую надбаўку, таму купляць тавары на іх выгадна. А яшчэ пакупкі паднімаюць людзям настрой, што таксама немалаважна.

Сафія ЗАМАНА:


— Прыехала на маладзечанскі кірмаш з Гродна. Мой тавар — кошыкі з лазы. Кожны пляту 2-3 гадзіны. Аднак лазу спачатку трэба нарыхтаваць, прасушыць, адсартаваць. Стараюся, каб кожны кошык быў адметным. Людзям падабаюцца арыгінальныя вырабы.

НАТАЛЛЯ (сваё прозвішча дзяўчына не назвала):


— Сёння прапаную пакупнікам капусту па 1,2 рубля за кілаграм і бульбу гатунку Мадэйра па 95 капеек. Гандаль ідзе бойка. Людзям зручна набываць агародніну мяшкамі, а не па некалькі кілаграмаў. Некаторыя пакупнікі заказваюць дастаўку бульбы на дом.

Люсьен ЦУРКАН:


— Прадаю саджанцы фруктовых дрэў з гадавальніка ў Баранавіцкім раёне. Маладзечанцы – актыўныя пакупнікі. Выбар на кірмашы шыкоўны. Кожны знаходзіць тое, што яму трэба.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.