На малочнатаварную ферму «Заскавічы» мы пры-ехалі ў знамянальны дзень. Роўна пяць гадоў таму тут была ўведзена ў эксплуатацыю камп’ютарызаваная даільная зала. Дзякуючы перадавым тэхналогіям дойка на ферме праходзіць хутка і якасна. Адначасова дояцца 24 каровы. Праз некалькі хвілін партыя мяняецца.
— За ўсімі тэхналагічнымі працэсамі сочыць камп’ютар, — гаворыць брыгадзір фермы Галіна Насеня. – Увогуле, кожная карова для нас – індывідуальнасць. Ва ўсіх жывёл ёсць спецыяльныя крокамеры. Прыборы адсочваюць актыўнасць каровы. Калі яна заходзіць у станок для даення, інфармацыя счытваецца. Такім чынам, на кожную жывёлу назапашваецца база даных — надой, асемяненне, запуск каровы перад ацёлам. Гэта дапамагае павысіць эфектыўнасць вытворчасці і якасць малака, якое ў асноўным адпраўляецца на перапрацоўку сортам «экстра».
За дасягненне высокіх паказчыкаў і па выніках работы за мінулы год Галіна Насеня адзначана ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод».
Галіна Васільеўна адзначыла, што тэхніка цалкам не заменіць людзей. Праца жывёлаводаў адна з самых цяжкіх у сельскай гаспадарцы. Першая дойка пачынаецца а палове шостай раніцы, другая — а палове шостай вечара. Работа не павінна перарывацца ў выхадныя і святочныя дні.
Калектыў з дзесяцярых чалавек абслугоўвае больш за 370 галоў дойнага статка. А яшчэ ёсць 66 цялят, якія засялілі новы прафілакторый. Каб надоі былі высокімі, а прывагі важкімі, свой працоўны ўклад уносяць усе работнікі — аператары машыннага даення, цялятніцы, ветурач, асемянатар, іншыя спецыялісты.
— Людзі любяць сваю работу, дапамагаюць адзін аднаму, — працягвае субяседніца. — Жывёлаводы ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі і памяшканняў, рэгулярна пад-трымліваюць чысціню. Вялікая ўвага на ферме надаецца паляпшэнню ўмоў працы работ-нікаў. У іх распараджэнні душавая, гардэроб, іншыя бытавыя памяшканні.
Галіна Насеня дадала, што работы па мадэрнізацыі фермы працягваюцца. Цяпер бетануецца пляцоўка для больш хуткага выдалення гною. У планах будаўніцтва яшчэ аднаго пра-філакторыя для цялят.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.