Новости Молодечно и Молодечненского района

Надышоў час уборачнай. На Маладзечаншчыне зладзілі зажынкі

  • 2021-07-20 13:25:46
  • Алег Бяганскі

На імправізаванай пляцоўцы была выстаўлена збожжаўборачная тэхніка і аўтамабілі. Настрой удзельнікаў уборачнай цудоўны. Адчувалася, што аграрыі падрыхтаваліся да галоўнага экзамену сельскагаспадарчага года. Людзі настроены ўбраць ураджай без страт і ў аптымальныя тэрміны.



Са шчырымі, цёплымі пажаданнямі плённай працы, добрага ўраджаю і багатага хлебнага каравая да хлебаробаў звярнуліся старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, яго першы намеснік -- начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксей Раманюк, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс. Таксама слова ўзяў гаспадар тутэйшай нівы старшыня «Хажоваагра-2009» Сяргей Шаблоўскі.



Як сімвал жыцця, дабрабыту, багацця і гаспадарлівасці на поле вынеслі хлебны каравай з ураджаю мінулага года. Тэхніку, хлебаробаў і само поле асвяціў айцец Мікалай. Першыя снапы ўраджаю гэтага года сімвалічна зжалі жнеі ў беларускіх нацыянальных касцюмах.



Ад імя хлебаробаў, непасрэдных удзельнікаў уборачнай кампаніі, выступіў лепшы камбайнер мінулага жніва СУП «Хажоваагра-2009» Уладзімір Лантас. Юрый Горлаў даў старт уборачнай. На хлебную ніву выйшла тэхніка.



Стваралі святочны настрой на зажынках, выконвалі музычныя нумары і праводзілі народныя абрады работнікі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, а таксама самадзейныя артысты з Хажоўскага і Красненскага СДК.


Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.

Больш падрабязна пра зажынкі чытайце ў нумары газеты за суботу, 24 ліпеня.