З дэбютантамі жніва мы пазнаёміліся на мехдвары ў час сумеснага рэйду па гаспадарках са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам. У пачатку мінулага тыдня дажджы ненадоўга прыпынілі ўборачную. Да моманту нашага прыезду надвор’е наладзілася, і хлебаробы рыхтаваліся выйсці ў поле. Яўгеній Чарапок разам з напарнікам Андрэем Рудзем правяраў спраўнасць камбайна.
— Тэхніку люблю з дзяцінства, — заўважыў субяседнік. – Для мяне не праблема перабраць любы агрэгат.
Яўгеній расказаў, што работа яму падабаецца. Жыве малады чалавек разам з бацькамі ў вёсцы Мазалі. Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі аграрны тэхналагічны ўніверсітэт. У «Купала-Агра» папрасіўся сам. За два гады машынна-трактарны парк гаспадаркі актыўна абнаўляўся. Паступілі збожжаўборачны і кормаўборачны камбайны, пагрузчык «Амкадор».
— Сёлета вырашыў дапамагчы гаспадарцы на ўборцы ўраджаю, — працягвае Яўгеній. – Да таго ж у час уборачнай ёсць магчымасць дадаткова зарабіць. Жніво пачалося некалькі дзён таму. Цяжка было толькі спачатку. Потым прывык. Пакуль убіраем азімую пшаніцу. У час жніва не забываю і пра свае асноўныя абавязкі – арганізацыю рамонту і правільную эксплуатацыю тэхнікі.
Павел Карнічэнка і Андрэй Лушчык.
Спецыяліст дадаў, што гэтыя дні для яго і іншых удзельнікаў уборачнай вельмі напружаныя. Устае ў шэсць гадзін раніцы, дапамагае бацькам па гаспадарцы, у сем гадзін – ужо на рабоце. У першую чаргу аглядае тэхніку. Выезд на палі — па камандзе агранома. Заканчваецца работа каля дзесяці гадзін вечара. У непагадзь хлебаробы не сядзелі без справы. Яны скарысталі дадатковую магчымасць яшчэ раз агледзець і праверыць машыны і камбайны.
— У полі дарагая кожная хвіліна. Кіраўніцтва гаспадаркі гэта разумее, таму стварае ўмовы, каб работнікі былі забяспечаны ўсім неабходным. Нам прывозяць абеды і падвячоркі, мінеральную ваду. Ежа вельмі смачная. Наварысты суп, ячная каша з гуляшом, кампот з булачкай – прыкладна такое наша меню. Пасля прыёму ежы і кароткага адпачынку зноў садзімся за руль. Ураджай трэба сабраць хутка і без страт, — падкрэсліў Яўгеній Чарапок.
Загадчык майстэрняў Яўгеній Чарапок выдатна паказаў сябе на жніве.
Другі дэбютант жніва Андрэй Лушчык працуе ў гаспадарцы толькі год. Разам з напарнікам Паўлам Карнічэнкам за дзень яны намалочваюць па 70 тон збожжа. У хлопцаў зладжаны экіпаж, яны разлічваюць на добры вынік.
У ААТ «Купала-Агра» на жніве задзейнічаны пяць камбайнаў, адвозяць ураджай з палёў тры машыны. Збожжавы клін гаспадаркі складае амаль 1350 гектараў, пад кукурузу адведзены 50 гектараў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.