На чыгуначным вакзале станцыі Маладзечна дзейнічаюць тэрміналы самаабслугоўвання па продажы білетаў на паязды рэгіянальных і гарадскіх ліній. Пасажыры могуць разлічыцца не толькі па картках, але і наяўнымі грашыма.
Усяго на станцыі ўстаноўлены тры такія тэрміналы. За білеты можна расплачвацца карткамі ўсіх банкаў, у тым ліку міжнародных. Акрамя таго, прымаюцца манеты вартасцю 20 і 50 капеек, 1 і 2 рублі, купюры ў 5 і 10 рублёў. Рэшта выдаецца.
Для зручнасці карыстальнікаў на экранах адлюстроўваецца час адпраўлення бліжэйшых паяздоў рэгіянальных ліній, якія адпраўляюцца з Маладзечна.
Новы сэрвіс набірае папулярнасць у пасажыраў. Запушчаны ён быў 25 кастрычніка.
За месяц з яго дапамогай аформілі праязныя дакументы звыш 2,5 тысячы чалавек.
— Дзякуючы новаўвядзенню палепшылася якасць абслугоўвання пасажыраў, — адзначыла начальнік вакзала Ларыса Дубовік. – Цяпер людзі могуць выбіраць спосаб набыцця білета. У выніку эканоміцца час.
Субяседніца дадала, што работа па ўстаноўцы тэрмінала самаабслугоўвання праводзіцца і на прыпыначным пункце «Фестывальны». Разлічыцца тут можна будзе толькі з дапамогай банкаўскіх плацежных картак.
Магчымасць заплаціць за білеты карткай ёсць і ў пасажыраў паяздоў рэгіянальных ліній эканомкласа на ўчастках Маладзечна – Ліда, Маладзечна – Гудагай і Маладзечна – Полацк. Такую паслугу аказваюць білетныя касіры. Плацеж адбываецца з дапамогай мабільнага касавага тэрмінала.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.