У суботу пабываў на традыцыйных гандлёвых пляцоўках Маладзечна (плошчы Старое Места і ля гандлёвага цэнтра «Спадарожнік») і ацаніў актыўнасць прадаўцоў і пакупнікоў.
На плошчы гандаль вёўся ў асноўным агароднінай і садавіной. Сваю прадукцыю прапаноўвалі фермеры і гаспадары прыватных падворкаў з Маладзечанскага, Валожынскага, Смаргонскага і іншых раёнаў. Бульбу прадавалі па 60-80 капеек за кілаграм, моркву — 60, капусту — 50, буракі — 80 капеек. Кілаграм цыбулі каштаваў рубель, яблыкаў, кабачкоў і гарбузоў — 1,5 рубля.
— Вітаміннай прадукцыяй людзі масава закупіліся восенню, пасля збору ўраджаю, таму цяпер гандаль ідзе не вельмі актыўна, — расказаў фермер з Валожынскага раёна Сяргей Яшкевіч. — Каб заахвоціць пакупнікоў, прапаную скідкі. Таксама ўступаю пастаянным пакупнікам. Думаю, цікавасць да агародніны і садавіны павысіцца напярэдадні свят.
З такім меркаваннем пагадзіўся прадпрымальнік Сяргей Харужык (ТАА «Цвецень»). Ён гандляваў жывой рыбай — карпам, амурам, таўсталобікам. Субяседнік ведае, што запечаны карп абавязковая страва на калядных і навагодніх сталах многіх маладзечанцаў. Таму павелічэння попыту чакае непасрэдна перад святамі.
Жывая рыба ад Сяргея Харужыка падабаецца многім маладзечанцам.
Гандаль ідзе лепш, калі ў справе дапамагае родны чалавек. Жыхары Гарадоцкага сельсавета Аліна і Віктар Чаброўскія ведаюць пра гэта, таму ўдзельнічаюць у кірмашы разам.
— Наша сямейная гандлёвая кропка прапануе прадукцыю са свайго агарода, — расказала Аліна Іванаўна. — Вырошчваем фасолю, часнок, кабачкі, гарбузы… Попытам у гараджан карыстаецца ўсё. Агароды і дачы ёсць не ва ўсіх маладзечанцаў. Таму гараджанам зручна прыйсці на Старое Места і купіць што трэба.
Маладзечанец Вячаслаў Урбанойць гандляваў прадукцыяй з уласнага пчальніка. Мёд, пярга, пропаліс, пчаліны забрус стабільна карыстаюцца попытам.
— У халодны перыяд года нярэдкія прастудныя захворванні, — адзначыў Вячаслаў Уладзіміравіч. — А мёд якраз і дапамагае захаваць здароўе. Мой пчальнік знаходзіцца на хутары Зацішша ў Смаргонскім раёне. Сёлета пчолы прынеслі добры ўраджай. Ёсць і рапсавы мёд, і лясны, і ліпавы, іншыя віды.
Вячаслаў Урбанойць жыве ў Маладзечне, а пчальнік мае на Смаргоншчыне.
Пляцоўка ля гандлёвага цэнтра «Спадарожнік» выглядала святочна. Сюды ўжо завітаў Дзед Мароз са сваімі памочнікамі — мядзведзем і сімпатычнымі катамі. Ля гандлёвых палатак пакупнікоў было многа.
Вялікую ўвагу прыцягвала калекцыя рамесніка са Смаргоні Людмілы Зянько, якая гандлявала сувенірамі з навагодняй тэматыкай – штучнымі мандарынамі, снегавікамі, а яшчэ смаргонскімі абаранкамі, рознымі абярэгамі. Асаблівым попытам карысталіся сімвалы наступнага года сувенірныя зайчаняты.
«Даўгавухія» красаваліся і на ручніках, што прапаноўвала прыёмшчык заказаў сельскага комплекснага прыёмнага пункта ў Турэц-Баярах Алеся Мігура.
Ручнікі з навагодняй тэматыкай прапануе Алеся Мігура.
— ААТ «Завод Рамбыттэхніка» традыцыйна ўдзельнічае ў перадсвяточным гандлі, — падкрэсліла Алеся Віктараўна. — Вялікім попытам карыстаецца швейная прадукцыя прадпрыемства. Яна дапамагае ствараць у людзей святочны настрой і выдатна падыходзіць у якасці падарункаў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.