Новости Молодечно и Молодечненского района

На Маладзечаншчыне ўведзены ў эксплуатацыю новыя станцыі абезжалезвання

  • 2019-12-09 08:18:45
  • Алег Бяганскі

Як паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Марэцкі, у Аляхновічах доступ да вады нарматыўнай якасці атрымаў 181 спажывец. Прадукцыйнасць станцыі складае 6 кубаметраў за гадзіну. Пры гэтым узровень утрымання жалеза зніжаецца з 2,9 да 0,1 міліграма на літр. Дарэчы, у аграгарадку цяпер дзейнічаюць дзве станцыі абезжалезвання.

У Заскавічах якасная вада стала паступаць 336 абанентам. Для гэтага ўведзены ў эксплуатацыю дзве станцыі абезжалезвання прадукцыйнасцю 10 і 2 кубічныя метры за гадзіну. Для забеспячэння патрэбнага напору, а таксама захоўвання вады ўстаноўлены дзве воданапорныя вежы.

Станцыя ў Пятроўшчыне забяспечвае якаснай вадой 192 спажыўцоў. Яе прадукцыйнасць – 4,3 кубаметра за гадзіну.

— Увод у эксплуатацыю новых аб’ектаў адбываецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», — адзначыў Віктар Марэцкі. – Зацверджана яна Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёю ўсе абаненты цэнтралізаванага водазабеспячэння будуць забяспечаны якаснай пітной вадой ужо ў 2025 годзе.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: архіў КУП «МАЛАДЗЕЧНАВОДАКАНАЛ».