І сапраўды, на яе плячах трымаецца арганізацыя працы, калектыў, вытворчасць… Святлана Пятроўна ўнікае ў кожнае пытанне — надоі, прывагі, здароўе статка. Не застаюцца па-за ўвагай заатэхнічныя і ветэрынарныя мерапрыемствы.
Спраў у брыгадзіра хапае. Сіл і цярпення таксама.
— І да сябе, і да работнікаў фермы ў мяне патрабаванні высокія, — гаворыць Святлана Луновіч. – У людзях цаню сумленнасць і працавітасць. Лайдакоў не цярплю. Сама стараюся быць прыкладам для іншых. Калі бачу, што чалавек, як кажуць, не цягне, з ім адбываецца жорсткая прафілактычная размова. Інакш нельга. Вынікі работы ўсяго калектыву залежаць ад працоўнага ўкладу кожнага. Тым больш што ферма – складаны вытворчы механізм.Жывёлавод Вольга Баран клапоціцца аб сваіх падапечных.
Пра гэта, дарэчы, сведчаць лічбы. На МТФ «Слабодка» ўтрымліваецца 800 галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак складае 420 галоў. У спецыяльных памяшканнях падрастае маладняк (тры памяшканні для маладых бычкоў і цялушак былі ўведзены ў эксплуатацыю летась).
Ля фермы знаходзяцца пяць сіласна-сянажных траншэй. У ходзе корманарыхтоўкі ўсе яны павінны быць запоўнены «кансервамі» для жывёл. Абсталяванне аб’екта жывёлагадоўлі трэба падтрымліваць у спраўным стане. Цяпер палова дойнага статка знаходзіцца на выпасе. Там жа, на полі, наладжана дойка кароў. Свежая, сакавітая трава спрыяе павышэнню надояў.Каб статак на выпасе быў захаваны, патрэбны электрапастух. Жывёлавод Віктар Хамічэнка манціруе гэту прыладу.
— З усёй работай спраўляюцца спецыялісты, — адзначыла брыгадзір. — Калектыў фермы складае 20 чалавек. Ёсць сярод работнікаў аператары машыннага даення, слесары, вартаўнікі, аператары па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Стараюся ісці насустрач людзям, улічваць іх патрэбы. Лічу, што большасць пытанняў можна вырашыць на месцы. Галоўнае — рабіць гэта на карысць агульнай справе.Слесар Генадзій Карташэвіч працуе ў СУП «Хажоваагра-2009»некалькі месяцаў. Гаспадарка выдзеліла сям’і спецыяліста жыллё і стварыла годныя ўмовы для працы.
Трэба адзначыць, што вопыт кіравання ў Святланы Луновіч значны. Ды і да вясковай працы яна прывучана. Нарадзілася ў вёсцы Самалі, расла ў дружнай працавітай сям’і. У гаспадарку ўладкавалася ў 2005-м. Чатыры гады была памочнікам брыгадзіра на ферме ля Хажова. Потым стала адказваць за МТФ «Слабодка».
Не толькі справы вытворчыя хвалююць Святлану Пятроўну. Вялікае значэнне для яе мае сям’я. Жанчына ганарыцца поспехам дачкі. З вялікай радасцю сустракае ўнукаў, калі тыя прыязджаюць у госці. Яна лічыць, што калі чалавек хоча быць шчаслівым, гэта жаданне абавязкова здзейсніцца.
— На жаль, некаторыя маладыя вяскоўцы разрываюць сувязь з месцам, дзе нарадзіліся. Між тым свае веды, уменні, навыкі можна рэалізаваць і тут. Увогуле, моладзі ў вёсцы заўсёды рады. Толькі не трэба ленавацца, тады ўсё атрымаецца. У нашай гаспадарцы добра сябе паказаў галоўны заатэхнік Аляксандр Купрыян, які ў наступным годзе заканчвае ВНУ.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.