Новости Молодечно и Молодечненского района

Морква ўрадзіла на славу

  • 2022-10-17 11:22:44
  • Алег Бяганскі

Калі мы наведалі гаспадарку, тут убіралі моркву. На полі было чалавек дваццаць. Мужчыны вырывалі караняплоды, жанчыны зразалі маркоўнік, сартавалі моркву і збіралі ў мяшкі. Яшчэ некалькі чалавек працавалі на складзе. Надвор’е спрыяла ўборцы. Пад ласкавым асеннім сонцам караняплоды хутка падсыхалі. Гэтага патрабуе тэхналогія ўборкі.

— Пад моркву ў гаспадарцы занята каля двух гектараў, — паведаміла Алена Троцкая. — Вырошчваем таксама бульбу, капусту, цыбулю, буракі. З-за гарачага і сухога лета другі хлеб сёлета ўрадзіў горш, чым летась. Затое астатняя агародніна парадавала. Ураджайнасць сталовых буракоў, напрыклад, склала каля 500 цэнтнераў з гектара.

Субяседніца адзначыла, што попыт на вітамінную прадукцыю вялікі. Пастаўкі ажыццяўляюцца ў магазіны, сацыяльныя аб’екты (бальніцы, дзіцячыя сады і г.д.). Без агародніны цяжка сабе ўявіць рацыён харчавання. Таму ўбраць вырашчанае трэба ў мінімальныя тэрміны. Тым больш калі гэтаму садзейнічае надвор’е.

— У час уборачнай дапамога ўдзельнікаў аплачваемых грамадскіх работ вельмі дарэчы, — падкрэсліла Алена Аляксандраўна. — Накіроўвае работнікаў раённая служба занятасці. Яна арганізуе дастаўку людзей да месца работы і адвоз іх у Маладзечна. Дзякуючы службе дапамога ва ўборцы агародніны заўсёды гарантаваная.

Задача мужчын — вырываць караняплоды і складаць роўнымі радамі.

Людзі працуюць на фермерскім полі з дзевяці гадзін раніцы да шасці вечара. Ёсць паўгадзінны перапынак на абед і яшчэ некалькі кароткіх. За сваю работу яны атрымліваюць па 25 рублёў за дзень плюс бясплатную агародніну. Такія ўмовы зацікаўліваюць многіх.

— Добраахвотныя памочнікі працуюць сумленна. Некаторыя прыязджаюць на фермерскія палеткі на працягу ўжо некалькіх гадоў, — падкрэсліла Алена Троцкая.

Леанід Якімчук расказаў, што дзякуючы ўдзелу ў аплачваемых грамадскіх работах ёсць магчымасць нарыхтаваць сабе агародніну на зіму і такім чынам сэканоміць сямейны бюджэт. Ды і наяўныя грошы не лішнія. Па магчымасці маладзечанец плануе прыязджаць да фермера і надалей.

Галіна Ільюшэнка на пенсіі, але сядзець без справы не прывыкла. А на полі можна і грошы падзарабіць, і агародніну нарыхтаваць, і далучыцца да карыснай справы.

— Ураджай, які я дапамагаю збіраць, трапіць на стол многім людзям. І яны будуць удзячныя за вырашчаную прадукцыю.

Галіна Ільюшэнка (справа) дапамагае фермеру не першы раз.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.