— Цяпер выпускаем прадукцыю толькі пад заказ, — гаворыць дырэктар «Энвы» Міхаіл Каляда. – Частка вырабаў ідзе на экспарт. Электраўстаноўкі і іншае абсталяванне запатрабаваныя ў Маскве, Калузе, Казані, Саратаве… Дарэчы, летась у параўнанні з 2015 годам экспарт павялічыўся на 5 працэнтаў. Нашымі партнёрамі з’яўляюцца такія гіганты айчыннай прамысловасці, як «Амкадор», МТЗ, МАЗ, «БелАЗ», «Атлант». Такім чынам, збыт тавараў прамысловай групы для завода забяспечаны. Пытанні ёсць па таварах народнага спажывання. Прычына – вялікая канкурэнцыя сярод вытворцаў і нежаданне суб’ектаў гандлю супрацоўнічаць. Таму разетак, выключальнікаў, падаўжальнікаў і г.д. вырабляецца роўна столькі, колькі магчыма прадаць.
Міхаіл Іванавіч падкрэсліў, што за апошнія гады выпуск прамысловай групы тавараў на прадпрыемстве вырас да васьмідзесяці працэнтаў ад агульнага аб’ёму вытворчасці. Гэта дало магчымасць палепшыць эканамічнае становішча, захаваць многія рабочыя месцы, павысіць вытворчасць працы. Вялікую дапамогу аказаў райвыканкам, калі прыняў рашэнне перадаць на баланс УП «Камунальнік» інтэрнат завода. Аднак трэба мець на ўвазе, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўсё ж не могуць як роўныя канкурыраваць са здаровымі.
— Прадпрыемства створана, каб падтрымліваць інвалідаў, забяспечваць іх работай, арганізоўваць вольны час, праводзіць рэабілітацыю, — адзначыў дырэктар. – Атрыманне прыбытку – толькі адна з нашых задач. На завод ускладзена вялікая сацыяльная нагрузка. Гэта вельмі важна, бо 176 з 275 работнікаў — інваліды з рознымі відамі захворванняў. Каля пяцідзесяці чалавек працуюць па месцы жыхарства (надомны ўчастак).
Як паведаміў М. Каляда, на прадпрыемстве вялікая ўвага надаецца спорту, створана некалькі калектываў мастацкай самадзейнасці. Усе дадатковыя выдаткі павышаюць сабекошт прадукцыі. Вось чаму «Энве» патрэбна дапамога.
Міхаіл Іванавіч заклікаў суб’екты гандлю горада і раёна падтрымаць завод і ўзяць на рэалізацыю больш тавараў бытавога прызначэння. Ён упэўнены, што вырабы будуць запатрабаваныя пакупнікамі. А «размарожаныя» такім чынам сродкі пойдуць, у тым ліку, на сацыяльныя праекты.
Фота: Аляксей Платко.