— Мехдвор абслугоўвае і аб’екты жывёлагадоўлі, і раслінаводчую галіну, — гаворыць інжынер Павел Вярышка, які працуе ў гаспадарцы паўтара года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. – Работа не спыняецца круглы год. У склад вытворчага падраздзялення ўваходзяць майстэрня, склад запасных частак, пляцоўкі для захоўвання тэхнікі, у тым ліку крытыя...
Павел расказаў, што пасля заканчэння палявога сезона частка тэхнікі ставіцца на захоўванне. Пачынаецца яе падрыхтоўка да выхаду ў поле ў наступным годзе. Адначасова спецыялісты забяспечваюць работу тэхнікі, якая задзейнічана на вывазе арганікі на палі з жывёлагадоўчых ферм і комплексаў.Пасля палявога сезона тэхніку рыхтуюць да захоўвання.
— У аграфірме клапоцяцца аб паляпшэнні ўмоў працы работнікаў, — адзначыў інжынер. – Так, на мехдвары ёсць душавая, пакой для прыёму ежы з халадзільнікамі і мікрахвалевымі печамі. Цяпер абсталёўваецца цёплы бокс, каб людзі працавалі ў камфортных умовах.Тэхнічнае абслугоўванне шыроказахопнай касілкі праводзяць вопытныя механізатары Віктар Кохан і Міхаіл Тамашэвіч.
Малады спецыяліст паведаміў, што ва ўніверсітэце атрымаў добрыя тэарэтычныя і практычныя веды. У гаспадарцы навучанне працягваецца. Калі трэба, на дапамогу прыходзяць вопытныя работнікі.
— Без пастаяннага павышэння кваліфікацыі працаваць у сучаснай сельскагаспадарчай арганізацыі проста немагчыма, — лічыць Павел. — Машынна-трактарны парк папаўняецца новай камп’ютарызаванай тэхнікай. Павышаецца культура вытворчасці. Інжынер павінен быць і арганізатарам, і дарадцам. А стымул для гэтага ёсць. Асабіста для мяне важна, што мне як маладому спецыялісту аграфірма аказвае дадатковую падтрымку.
На мехдвары мы пазнаёміліся з тэхнікам-механікам Дзянісам Ігнацьевым. Малады чалавек працуе ў гаспадарцы тры гады, жыве ў Турэц-Баярах. Вучыўся па накіраванні ад аграфірмы. Тут жа праходзіў вытворчую практыку.
— У маіх абавязках вядзенне табеля рабочага часу, арганізацыя рамонту тэхнікі, заказ патрэбных дэталяў і многае іншае, — расказаў Дзяніс. – Лічу, што мехдвор у Лебедзеве адзін з лепшых у цэнтральным рэгіёне. Тут створаны добрыя ўмовы для работнікаў, ёсць выдатная матэрыяльная база. Такі вопыт можа быць запатрабаваны ў іншых гаспадарках.Адна з пляцовак гаспадаркі.
Дзяніс Ігнацьеў параіў маладым людзям адказна ставіцца да выбару прафесіі. Калі ў юнака або дзяўчыны ляжыць душа да вясковай працы, яны не баяцца цяжкасцей і гатовы рэалізаваць свае здольнасці, няхай выбіраюць профільную навучальную ўстанову. Тады праца будзе прыносіць радасць.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.