У Маладзечне падвялі вынікі работы за 2022 год і адзначылі лепшых прадстаўнікоў розных галін эканомікі.
Мерапрыемства традыцыйна праходзіла ў Палацы культуры. Тут на шматлікіх пляцоўках былі прадстаўлены дасягненні прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры, грамадскіх аб’яднанняў.
Сапраўдную творчую прастору стварылі ўстановы адукацыі і культуры. Майстар-класы па маляванні, вырабе ўпрыгажэнняў з цеста, сурвэтак, нітак, шмат іншых карысных пляцовак прапанавалі ўдзельнікам свята паспрабаваць асвоіць новыя ўменні. Музыканты і танцоры дапамагалі навучыцца танцаваць і спяваць, а для тых, хто мае навыкі, можна было прадэманстраваць свае таленты.
Гістарычны экскурс у гісторыю правялі супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея, якія ладзілі выставу самавараў розных часоў.
Фотавыстава яркіх момантаў мінулага года і мілагучная музыка ў выкананні мастацкіх калектываў надалі фае палаца тэматыку свята малой радзімы.
Грамадскія аб’яднанні і прафсаюзны рух дэманстравалі адзінства поглядаў у імкненні да развіцця краіны. Яскравыя моманты падзей 2022 года былі размешчаны на фотаздымках, відэапаказах.
Год міру і стварэння адлюстроўвалі навучэнцы і настаўнікі маладзечанскіх школ міру. Зробленыя вучнямі папяровыя галубы сімвалізавалі спрадвечнае імкненне беларусаў да захавання міру і адзінства.
Пляцоўка здароўя прапанавала пазнаёміцца з новымі праектамі сацыяльнай абароны грамадзян, убачыць сучасныя тэхнічныя сродкі для інвалідаў.
Санаторый «Вяжуці» пасля мадэрнізацыі прапануе шырокі спектр медыцынскіх аздараўленчых паслуг. Пазнаёміцца з імі можна было на тэматычнай пляцоўцы.
Захаваць фізічную форму і паспрабаваць сябе ў розных відах спорту запрашалі спартсмены Маладзечаншчыны.
Прамысловасць і гандаль раёна былі прадстаўлены як буйнымі прадпрыемствамі, так і прадстаўнікамі малога бізнесу. «Белпошта», камбінат хлебапрадуктаў, завод «Рамбыттэхніка», хлебазавод, малочны камбінат, «Велес-Міт», «Аквадыў» паказалі ў фае Палаца культуры навінкі вытворчасці, а таксама знакамітыя брэндавыя тавары.
Індывідуальныя прадпрымальнікі, гандлёвыя прадпрыемствы, аб’екты грамадскага харчавання, сялянскія фермерскія гаспадаркі, банкаўскія ўстановы на выставе расказалі пра свае дасягненні, падзяліліся планамі па развіцці.
Валянціна ДАЎБЕНКА.
Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО.