У малой зале Палаца культуры сабраліся сябры, знаёмыя, калегі па творчым цэху, выкладчыкі і навучэнцы гімназіі-каледжа, дзе працуе Мікалай Віктаравіч.
Вітаючы юбіляра, дырэктар музычнага каледжа імя Агінскага Рыгор Сарока трапна заўважыў, што ў мастацтве вельмі важна не паўтарацца, а знайсці сваю дарогу, свой творчы шлях. Няхай ён будзе нялёгкім, але гэта будзе той шлях, які дапаможа сапраўднаму мастаку пазбегнуць кан’юнктуры, захаваць у душы высокае і чыстае пачуццё годнасці і асабістай задаволенасці ад сваёй працы на карысць роднай Бацькаўшчыны.
У кожнага творцы свой шлях. Мастакоў сярод продкаў Аўчыннікавых не было. Вясковы хлопец з Гомельшчыны амаль нічым не вызначаўся сярод падлеткаў. Але ў шостым класе выкладчык па выяўленчым мастацтве вылучыў Мікалая сярод іншых. А пасля школы юнак паехаў паступаць у Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. І не таму, што ведаў ці чуў нешта пра авангард, мастакоў, якія праславілі гэты горад. Як сам прызнаўся М. Аўчыннікаў, аб творчасці Шагала і Малевіча даведаўся толькі на чацвёртым курсе інстытута.
Тым не менш горад, вучоба ў інстытуце аказалі вялікі ўплыў на юнака. З сярэдзіны 1970-х мастак актыўна заявіў пра сябе як прадстаўнік менавіта віцебскай школы акварэлі, дэманструючы неверагодную тэхнічную віртуознасць, свабоду эксперыментаў і маляўнічых імправізацый. Тэмы твораў — шматлікія гістарычныя мясціны Беларусі: «Ракуцёўшчына», прысвечаная Багдановічу, «Залессе. Паланэз» — Агінскаму. Паказвае Аўчыннікаў і помнікі археалогіі, культуры ды архітэктуры ХІІ-ХVIII стагоддзяў: «Спаса-Еўфрасіннеўская царква. Полацк», «Навагрудак», «Мядзельскае гарадзішча», «Млын у Гарадку». Гэтыя і іншыя месцы мастак абышоў з эцюднікам уздоўж і ўпоперак, спазнаўшы радасць ад новых уяўленняў, спасціжэнняў і адкрыццяў.
Рамантычныя матывы з помнікамі мінуўшчыны, вясковай драўлянай архітэктурай ён таксама знаходзіць і за межамі роднай краіны, пра што расказваюць цыклы «Драўлянае дойлідства Поўначы» і «Салавецкія астравы».
— Жывучы на роднай зямлі, вандруючы сцяжынкамі продкаў, адчуваючы прыгажосць беларускіх краявідаў, дакранаючыся да сівых муроў – сведак гісторыі, атрымліваючы ад іх моцную энергетычную пад-
трымку, хочацца зазірнуць за гарызонт, каб убачыць іншыя краіны і потым стомленым вярнуцца дадому, каб адпачыць душой у родных мясцінах, — прызнаецца М. Аўчыннікаў.
Гэтыя яго словы гучаць, як асабістае крэда. Мастак па-ранейшаму шмат вандруе, адкрывае для сябе новыя тэмы, якія знаходзяць сваё ўвасабленне ў палотнах.
На выстаўцы, што адкрылася ў Палацы, прадстаўлена толькі невялікая частка яго работ. У асноўным гэта пейзажы. Мікола Аўчыннікаў выбраў свой стыль у гэтым жанры. Філасофскі погляд на жыццё, імкненне да непарыўнай сувязі са сваімі каранямі дакладна праглядаецца і ў нацюрмортах, партрэтах аўтара. На першы погляд, яны не выдзяляюцца яркасцю фарбаў, напісаныя ў стрыманых тонах. Але разам з тым карціны прыцягваюць нейкім патаемным унутраным цяплом, прымушаюць задумацца аб жыцці, Радзіме, Бацькаўшчыне.