Новости Молодечно и Молодечненского района

Маразы не сталі нечаканасцю

  • 2021-01-25 11:04:29
  • Алег Бяганскі

— Да зімова-стойлавага перыяду гарадзілаўцы рыхтаваліся загадзя, — гаворыць галоўны заатэхнік таварыства Ілья Галодзька. – Бытавыя і вытворчыя памяшканні былі ўцепленыя. Усе ацяпляльныя сістэмы дадаткова правераныя. На МТФ «Гарадзілава» быў устаноўлены новы кацёл на цвёрдым паліве (астатнія аб’екты жывёлагадоўлі ў гаспадарцы ацяпляюцца электракаларыферамі).

У выніку вялікія маразы не сталі для работнікаў ферм нечаканасцю і не прыпынілі вытворчы працэс. Нават калі тэмпература апускалася ніжэй за мінус 20 градусаў, і персанал, і жывёлы адчувалі сябе камфортна. Пэўныя нязначныя няспраўнасці аператыўна ўстараняла спецыяльная брыгада па працаёмкіх працэсах у жывёлагадоўлі.

— Забяспечаны статак і высакаякаснымі кармамі, — працягвае субяседнік. — «Зялёныя кансервы» для жывёл нарыхтаваныя з запасам. Прычым сіласу і сенажу складзіравана больш, чым летась. Смачная карысная ежа павышае надоі, якасць малака і прывагі буйной рагатай жывёлы.

Так, сярэднясутачны ўдой на адну карову па гаспадарцы дасягнуў 25 кілаграмаў малака, прывагі маладняку складаюць ад 760 грамаў на адну жывёлу, а ўсё малако пастаўляецца на перапрацоўку толькі сортам «экстра». Гэта важна, бо з яго на заводзе ў Нясвіжы вырабляецца дзіцячае харчаванне.

Адметна, што вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў таварыстве пастаянна павялічваецца. Летась ад адной каровы дойнага статка гарадзілаўцы надаілі ў сярэднім па 8774 кілаграмы малака. Сёлета гэты паказчык плануецца перавысіць. Усе перадумовы для гэтага ёсць. У гаспадарцы эфектыўна працуюць заатэхнічная і ветэрынарная службы, праводзіцца селекцыйная работа.

Ілья Уладзіміравіч прапанаваў наведаць МТФ «Гарадзілава». Нас сустрэла загадчыца фермы Зоя Зялкоўская. Тут чысціня і парадак. Жывёлы дагледжаныя. Нягледзячы на мароз, у памяшканні цёпла.

— На ферме ўтрымліваецца 620 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 200 галоў дойнага статка, — расказала Зоя Пятроўна. – Летась сярэдні ўдой на карову склаў 9650 кілаграмаў (адзін з лепшых паказчыкаў у цэнтральным рэгіёне). Дойка адбываецца двойчы на суткі. Каровы, якія толькі ацяліліся, дояцца чатыры разы. Нованароджаныя цяляты ўтрымліваюцца ў спецыяльным памяшканні з інфрачырвоным абагрэвам. Потым іх перавозяць у прафілакторый на МТФ «Укропава». Загадчыца фермы паведаміла, што ў яе падпарадкаванні дзясяцера работнікаў. Калектыў дружны, працавіты. Усе спецыялісты высокай кваліфікацыі. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі аператары машыннага даення Алена Галавач (лідар па надоях сярод сваіх калег), Анастасія Пятрова, Марына Франткевіч, слесар Аляксандр Вянярскі, даглядчык Сяргей Мандрык і іншыя работнікі. Дзякуючы ім ферма заўсёды працуе стабільна.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.