Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечанскаму райаграсэрвісу 60 гадоў

  • 2021-05-31 08:26:21
  • Алег Бяганскі

На свята былі запрошаны ветэраны вытворчасці, тыя, чыёй працай ганарыцца прадпрыемства. Павіншавалі калектыў з юбілеем генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаграсэрвіс» Дзмітрый Шабар, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Юрый Брыль.

Адметна, што да юбілейнай даты таварыства падышло з важкімі дасягненнямі. Спецыялісты райаграсэрвіса асвоілі рамонт рухавікоў «Дойц», паліўных помпаў розных марак і мадыфікацый. Сертыфікавалі ўчастак па рамонце аўтамабіляў МАЗ. Увялі ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў аграпрамысловага комплексу. Паспяхова праходзіць сёлета і сельскагаспадарчы сезон.

Як расказаў кіраўнік таварыства Тадэвуш Зарэцкі, на прадпрыемстве захоўваюцца працоўныя традыцыі, развіваюцца і асвойваюцца новыя віды дзейнасці. Усе дасягненні сталі магчымымі дзякуючы згуртаванаму калектыву. Менавіта людзі з’яўляюцца галоўным багаццем.

Ролю прадпрыемства ў развіцці аграрнай галіны раёна адзначыў Юрый Брыль. Ён падкрэсліў, што дзейнасць таварыства ў многім спрыяе ўмацаванню фінансавага стану арганізацый аграпрамысловага комплексу. Гэта станоўча ўплывае на вытворчасць прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, павышае яе канкурэнтаздольнасць.

— Галоўныя задачы Маладзечанскага райаграсэрвіса — рамонт тэхнікі, забеспячэнне гаспадарак насеннем і ўгнаеннямі, паляпшэнне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. З усімі пастаўленымі заданнямі работнікі спраўляюцца паспяхова, — зазначыў Дзмітрый Шабар.

Па словах Івана Лешчыка, працоўны стаж якога ў арганізацыі складае 33 гады, у райаграсэрвісе заўсёды цаніліся добрасумленнасць, прафесіяналізм. Важна і тое, што на прадпрыемстве не забываюць ветэранаў вытворчасці. На ветэранаў працы раўняюцца маладыя спецыялісты.

Ёсць пра што пагаварыць Івану Лешчыку і Тадэвушу Зарэцкаму.

У час урачыстасці былі адзначаны лепшыя работнікі прадпрыемства і тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Перадавікоў узнагародзілі Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі райвыканкама, прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу, адміністрацыі прадпрыемства.

За добрасумленную працу былі адзначаны Тадэвуш Зарэцкі, Таццяна Голік, Ганна Каляда, Кацярына Сцец, Галіна Трапяшчонак, Галіна Захарэвіч і іншыя работнікі.

***

ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» вядзе сваю гісторыю з мая 1961 года. Тады было адкрыта раённае ад-дзяленне «Сельгастэхніка». Займалася яно рамонтам сродкаў механізацыі сельскагаспадарчых работ, хімічнай аховай раслін, унясеннем угнаенняў, здабычай торфу.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.