Вадзіцель ААТ «Палачаны» Валерый Зянькевіч першы ў раёне перавёз ад камбайнаў да зернесушыльнага комплексу тысячу тон збожжа новага ўраджаю.
Павіншаваць героя жніва на поле прыехалі старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі прафсаюзаў, сама-
дзейныя артысты.
Старшыня райвыканкама падзякаваў перадавіку за добрасумленную працу, пажадаў не збаўляць тэмпаў і нагадаў, што вырашчаны ўраджай трэба ўбраць якасна, без страт і ў аптымальныя тэрміны.
— Працую на дзесяцітонным МАЗе, за дзень раблю каля дваццаці рэйсаў, — адзначыў Валерый Зянькевіч. – Шчыруюць на жніве і іншыя вадзіцелі, а таксама камбайнавыя экіпажы. Тысячныя дасягненні для мяне норма. Летась, напрыклад, перавёз на збожжаток больш за дзве тысячы тон. Сёлета разлічваю не здаваць пазіцыі. Думаю, гэта ўдасца, бо ўраджай добры.
Яго ўпэўненасць раздзяляе выконваючая абавязкі кіраўніка ААТ «Палачаны» Алена Халматава. Яна адзначыла, што да жніва ў гаспадарцы рыхтаваліся загадзя. Была прыведзена ў парадак тэхніка, для ўдзельнікаў уборачнай распрацаваны стымулюючыя расцэнкі. Людзі забяспечаны ўсім неабходным. Яны зацікаўлены працаваць якасна. Усяго за дзень намалочваецца па 500 тон збожжа. Таварыства ўжо выканала
дзяржзаказ па пшаніцы. Цяпер галоўнае – каб не падвяло надвор’е.
— І ў мінулыя гады гаспадарка займала на жніве перадавыя пазіцыі, — падкрэсліла Алена Аляксандраўна. — Рада, што сёлета традыцыя прадоўжылася. Мы першымі ў раёне намалацілі тысячу тон збожжавых і зернебабовых. Ураджайнасць таксама радуе. Гэта тым больш хвалююча, бо гэта першая для мяне ўборачная кампанія ў якасці кіраўніка.
Як паведаміла начальнік аддзела механізацыі, вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Харук, першы экзамен, уборку азімага рапсу, аграрыі Маладзечаншчыны вытрымалі годна. Намалот склаў каля 8900 тон (прыкладна на 3 тысячы больш, чым летась). Цяпер ва ўсіх гаспадарках інтэнсіўна вядзецца ўборка збожжавых. Адначасова з палёў убіраецца салома, праводзіцца ўзворванне глебы. Закладваецца аснова пад будучы ўраджай.
Інфармацыя аб ходзе ўборкі збожжавых і зернебабовых у раёне на 25 ліпеня
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.