Як гэта ўплывае на эканамічнае жыццё раёна?
Ці стане Маладзечна прывабным для шопінгу? Што перашкаджае знізіць цэны на паслугі і тавары? Пра гэта разважае дырэктар УП «Эконіка» М. Апяцёнак У гандлёвым бізнесе ён з 1998 года. Прадпрымальніцкую дзейнасць пачаў як гаспадар аднаго ларка. З цягам часу бізнес пашырыўся да трох магазінаў. «Замахнуўся» на чацвёрты, але абставіны прымусілі згарнуць праект.
— Асабіста для мяне ператварэнне горада ў рэгіянальны цэнтр гандлю было б выгадным, — гаворыць субяседнік. – Ёсць шмат прыкладаў, калі такі статус і адпаведная інфраструктура прыцягваюць у населены пункт дадатковыя рэсурсы. Людзі пакідаюць у магазінах свае грошы, падаткі з гандлёвага абароту папаўняюць мясцовы бюджэт. Грошы застаюцца ў рэгіёне і спрыяюць развіццю тэрыторыі. У выйгрышы і жыхары, і суб’екты гаспадарання. Аднак для гэтага неабходныя пэўныя ўмовы.
Так, разам з гандлем трэба развіваць рэальны сектар эканомікі. У такім выпадку працоўныя рэсурсы выкарыстоўваюцца больш рацыянальна. Сістэма прафесійнай адукацыі павінна не «штампаваць» беспрацоўных, а рыхтаваць запатрабаваныя кадры. Немалаважнае значэнне мае і рэгістрацыя суб’ектаў гаспадарання. Справа ў тым, што ў поўнай меры папаўняюць мясцовы бюджэт толькі рэзідэнты дадзенага рэгіёна. У адваротным выпадку рэсурсы з раёна проста выкачваюцца. І яшчэ. Пакупнік едзе туды, дзе цэны ніжэйшыя. Нікога не здзіўляе, што беларусы атаварваюцца ў Польшчы, Літве, Украіне, Расіі… Такім чынам нашы «гандлёвыя турысты» падтрымліваюць замежных вытворцаў і вывозяць з краіны валюту.
Па меркаванні М. Апяцёнка, знізіць цэны ў нашай краіне перашкаджае манапалізацыя рынку буйнымі сеткавымі кампаніямі. У развіцці канкурэнцыі яны не зацікаўлены, бо імкнуцца атрымаць максімальны прыбытак. Гандлёвая надбаўка ў згаданых суб’ектаў гаспадарання значна вышэйшая, чым у іншых. Акрамя таго, большасць «сетак» зарэгістравана за межамі Беларусі. Адпаведна, там яны і плацяць падаткі. А яшчэ манапалісты дыктуюць эканамічныя правілы гульні.
— Геаграфічнае становішча Маладзечна вельмі выгаднае. Горад знаходзіцца на скрыжаванні чыгуначных шляхоў і аўтатрас. Блізка Мінск і мяжа з Еўрасаюзам. Таму развіццю ўсіх сфер народнай гаспадаркі мог бы паспрыяць лагістычны цэнтр. Аднак яго будаўніцтва наўрад ці дапусцяць манапалісты. Справа ў тым, што кожны з іх ужо мае падобны цэнтр пад Мінскам, а канкурэнты ім не патрэбныя. Такім чынам, горад губляе перспектыўны напрамак развіцця, — упэўнены субяседнік.
Выправіць сітуацыю маглі б лакальныя аб’яднанні малога і сярэдняга бізнесу. Іх стварэнне ўзмоцніць канкурэнцыю і дазволіць гораду развівацца больш гарманічна. Падобны вопыт паказаў ужо сваю эфектыўнасць у Мінску. Там уладальнікі некалькіх суб’ектаў гаспадарання заснавалі таварыства, з якім вытворцы супрацоўнічаюць на тых жа ўмовах, што і з буйнымі кампаніямі. Перамену адчулі пакупнікі – цэны па многіх пазіцыях знізіліся.
— На жаль, многія прадпрымальнікі Маладзечаншчыны не гатовы каардынаваць свае дзеянні, уступаць у бізнес-саюзы, праводзіць узгодненую цэнавую палітыку, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. – Людзі адстойваюць толькі ўласныя інтарэсы, спадзяюцца, што праблемы «разруліць» нехта іншы. Вось у спажыўцоў фактычна і не застаецца выбару. Людзі купляюць тавары і прадукты па высокім кошце, грошы «вымываюцца» з рэгіёна, а магчымасці праявіць спажывецкі патрыятызм і падтрымаць мясцовых вытворцаў з кожным годам звужаюцца.
Фота: Вячаслаў Табулін.