Маладзечанцы далучыліся да рэспубліканскага дабрачыннага маладзёжнага праекта #разам з бацькамі, які прадоўжыцца на працягу года. У нашым рэгіёне ён праводзіцца пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Валанцёры БРСМ прапануюць выйсці на добраўпарадкаванне двароў сем’ямі і такім чынам унесці свой уклад у добрыя справы ў рамках Года малой радзімы.
— Найперш мы заклікаем далучыцца да праекта маладыя сем’і — звярнуць увагу на дзіцячыя пляцоўкі, зоны адпачынку. Мы разам зробім Маладзечаншчыну больш прыгожай і ўтульнай. А руплівыя бацькі – гэта, безумоўна, добры прыклад дзецям, — заўважае першы сакратар райкама БРСМ Іна Карпец.
У рэгіёне праект стартаваў з добраўпарадкавання гарадской дзіцячай дваровай пляцоўкі каля дома №26 па вуліцы Будаўнікоў. «Працоўны дэсант» з’яднаў актывістаў райкама БРСМ, філіяла «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі», лакаматыўнага дэпо, дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, ТАА «Вотерленд».
Фота: архіў РАЙКАМА БРСМ.