Новости Молодечно и Молодечненского района

Мабільная група наведала «Усход-Агра» і «Відзеўшчыну»

  • 2019-07-23 12:11:56
  • Алег Бяганскі

У планах было наведванне ААТ «Усход-Агра» і КСУП «Відзеўшчына». Маршрут быў выбраны невыпадкова. У перыяд жніва асаблівая ўвага надаецца аграрнаму сектару. Прафілактыка траўматызму і стварэнне для хлебаробаў камфортных умоў працы – адны з галоўных умоў паспяховага правядзення ўборачнай. Таму колькасць рэйдаў у гаспадаркі раёна павялічваецца.

У склад групы ўваходзілі галоўны спецыяліст аддзела механізацыі, вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Галіна Сасноўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Корсак.

— Мабільная група абследуе суб’екты гаспадарання рознай формы ўласнасці ў прамысловасці, будаўніцтве і гэтак далей, — адзначыла Марына Корсак. – На пастаянным кантролі прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Кантралююцца як жывёлагадоўчая сфера, так і раслінаводства.

Спецыяліст нагадала, што ў час жніва нагрузка на хлебаробаў значна ўзрастае. Людзі працуюць ад цямна да цямна. Выкарыстоўваюцца многія віды абсталявання. У гэтых абставінах кантроль за выкананнем тэхнікі бяспекі павінен быць узмоцнены.

Першым на маршруце быў «Усход-Агра». У гаспадарцы члены рэйдавай групы наведалі дыспетчарскую, машынны двор, майстэрні і зернесушыльны комплекс. Увага звярталася нават на месца для курэння. Вывучаліся ўмовы працы і быту работнікаў.

— Працуем па розных кірунках, — патлумачыла Галіна Сасноўская. – Сярод іншага правяраем правільнасць вядзення дакументацыі, супрацьпажарную бяспеку, спраўнасць пад’ёмнага абсталявання, выкананне тэхналогіі розных відаў работ. Звяртаем увагу на ўмовы працы людзей. Усё гэта трэба для прафілактыкі выпадкаў вытворчага траўматызму.

Па словах галоўнага інжынера таварыства Аляксандра Завадскага, такія рэйды дапамагаюць павысіць культуру вытворчасці, выявіць недахопы.

— Дзякуючы павышэнню культуры вытворчасці ўдзельнікі жніва ставяцца да сваіх абавязкаў больш адказна. У выніку зберагаецца тэхніка, уборачная кампанія праходзіць у аптымальныя тэрміны. Гэта ўплывае на заработную плату механізатараў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў. Аднак галоўнае — людзі не падвяргаюцца рызыцы быць пакалечанымі або загінуць, – падкрэсліў Аляксандр Завадскі.

Пры аглядзе зернесушыльнага комплексу ля вёскі Выверы ў рэйдавай групы заўваг не было. Комплекс працуе кругласутачна, абслугоўваюць яго чатыры работнікі. Усе яны прайшлі навучанне, маюць адпаведныя допускі. Галоўны энергетык «Усход-Агра» Арцём Рамановіч выдатна ведае тэхналогію і абсталяванне.

У КСУП «Відзеўшчына» рэйдавая група пабывала ў дыспетчарскай і на мехдвары. Спецыялісты праверылі журнал перадрэйсавага кантролю, удакладнілі, як праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспекі.

Вынікі рэйду падсумаваў Уладзімір Саланенка. Ён адзначыў, што такія мерапрыемствы спрыяюць стварэнню бяспечных умоў працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму. Кіраўніцтва гаспадарак з разуменнем ставіцца да работы мабільнай групы. Многія выяўленыя недахопы выпраўляліся адразу, іншыя браліся на кантроль.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.