— Наша задача — наладзіць на базе малочнатаварнай фермы «Вялікія Кашэўнікі» вытворчы комплекс закрытага тыпу, — гаворыць кіраўнік ААТ «Усход-Агра» Наталля Вішнеўская. — Тут будуць утрымлівацца жывёлы ад самага нараджэння. У выніку знізіцца сабекошт прадукцыі жывёлагадоўлі, палепшыцца лагістыка. Падвоз кармоў будзе ажыццяўляцца цэнтралізавана. Павысіцца эфектыўнасць працы жывёлаводаў.
Цяпер на вышэйзгаданым аб’екце эксплуатуюцца памяшканні для дойнага статка і запускных кароў, даільна-малочны блок, створаны спрыяльныя ўмовы для ўтрымання цялят. Ёсць прафілакторый для маладых жывёл. Дзякуючы новаму кароўніку колькасць дойнага статка на ферме павялічыцца.
— Больш за 270 тысяч рублёў на будаўніцтва кароўніка паступіла з абласнога бюджэту, — адзначыла субяседніца. — За гэтыя грошы былі закуплены матэрыялы для ўзвядзення каркаса будынка, мантаж праводзілі спецыялісты ААТ «Спецбудмеханізацыя». Таксама работы вядуцца гаспадарчым спосабам за кошт сродкаў таварыства.
Вытворчасць малака — адзін з асноўных напрамкаў спецыялізацыі гаспадаркі. Абумоўлена гэта некалькімі фактарамі. Немалаважна тое, што больш за палову плошчаў ва «Усходзе-Агра» займаюць тарфяна-балотныя глебы. Яны добра падыходзяць для вырошчвання шматгадовых траў, іншых кармавых культур. Такая акалічнасць дазваляе мець трывалую кармавую базу для грамадскага статка.
— Масавая кампанія па нарыхтоўцы кармоў пачнецца ў гаспадарцы літаральна праз некалькі дзён, — падкрэсліла Наталля Вішнеўская. – Механізатары заканчваюць падрыхтоўку да першага ўкосу шматгадовых траў і аднагадовых травяных сумесяў. У першую чаргу будзе ажыццяўляцца закладка сенажу ў спецыяльныя траншэі. Як і заўсёды, вялікую ўвагу плануецца ўдзяляць якасці кармоў.
На «зялёным жніве» будуць задзейнічаны высокапрадукцыйныя кормаўборачныя комплексы, увесь арсенал дапаможнага прычапнога і навяснога абсталявання, іншая тэхніка. Будзе наладжаны адвоз зялёнай масы з палёў.
Кіраўнік гаспадаркі дадала, што ва «Усходзе-Агра» працягваецца перазалужэнне паш, вядзецца пасеў грэчкі, у тэрмін і якасна выконваюцца іншыя палявыя работы.
***
У цяперашні час усе гаспадаркі Маладзечаншчыны ўдзяляюць вялікую ўвагу падрыхтоўцы тэхнікі, сянажных траншэй, іншым аспектам корманарыхтоўчай кампаніі. Адпаведныя пытанні на кантролі ў старшыні райвыканкама.
Ход нарыхтоўкі кармоў залежыць як ад арганізацыі работ, так і ад надвор’я. Першы ўкос траў пачнецца праз некалькі дзён. У раёне, у асноўным, культывуюцца сярэдняспелыя і познаспелыя кармавыя травы. Рацыён грамадскага статка складуць і іншыя культуры.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.