— Падрыхтоўка тэхнікі да работы на льняных палетках пачалася яшчэ ў студзені, — гаворыць дырэктар таварыства Тадэвуш Зарэцкі. — Сяўбу правялі арганізавана і ў аптымальныя тэрміны. Хаця сухое, гарачае надвор’е запаволіла рост раслін, яно паспрыяла іх больш ранняму паспяванню. Таму ўборка лёну пачалася раней чым звычайна. Да таго ж пасевы апрацавалі спецыяльным прэпаратам, які паскарае паспяванне культуры.
Плошчы пад «беларускі шоўк» былі адведзены ў некалькіх гаспадарках. Каля 70 працэнтаў пасеваў даўгунцу засеяна элітнымі сартамі. З гэтых палёў прадпрыемства атрымае насенне і трасту. Ільноўборачныя камбайны выйшлі на палеткі ў канцы ліпеня. Трасту ўбяруць да канца верасня. Паступіць яна на Валожынскі льнокамбінат.
Тадэвуш Зарэцкі адзначыў, што найбольш лён урадзіў у ваколіцах Маркава і Заскавіч (да 5,8 цэнтнера з гектара). Сярэдняя ўраджайнасць насення па раёне складае 3,5-4 цэнтнеры з гектара. На ўборцы за-
дзейнічаны больш за тры дзясяткі спецыялістаў і дзесяць адзінак тэхнікі. Маладзечанцы дапамогуць убіраць даўгунец сваім калегам з Валожынскага раёна.
Як падкрэсліў дырэктар райаграсэрвіса, да ўборкі лёну прыцягнуты толькі вопытныя спецыялісты, якія і раней выконвалі такую работу. Кадры набіраліся як у сельскагаспадарчых арганізацыях, так і на прамысловых прадпрыемствах. Выказалі намер стаць удзельнікамі ўборачнай і пенсіянеры. Дзякуючы майстэрству людзей, добрай арганізацыі працы і загадзя падрыхтаванай тэхніцы ўборка вя-
дзецца дынамічна і якасна.
У гэтым карэспандэнты «МГ» пераканаліся на полі ля вёскі Такарэўшчына. Мы ўбачылі некалькі льноўборачных камбайнаў, якія адначасова рассцілалі сцябліны лёну ў стужку, церабілі насенныя каробачкі, а абчэсаны ворах падаваўся ў прычэп трактара. Маса дастаўлялася да збожжаўборачнага камбайна, які малаціў насенне. Побач дзяжурыў рамонтны аўтамабіль прадпрыемства.
— Вы бачыце мабільную льноўборачную брыгаду ў дзеянні, — адзначыў галоўны інжынер райаграсэрвіса Мікалай Ільіч. – Комплексны падыход дазваляе звесці прастоі да мінімуму, а ўборку правесці ў аптымальныя тэрміны. Праз некаторы час ільнотраста, якая засталася на полі, таксама будзе ўбрана.
Аграном прадпрыемства Міхаіл Верацейка дадаў, што лён вырошчваць даволі цяжка. Даўгунец патрабуе высокай культуры вытворчасці і дакладнага выканання агратэхнічных патрабаванняў. Калі ўсё гэта ёсць — вынік радуе.
Цікава ведаць. Лён у Беларусі здаўна быў папулярным і запатрабаваным. З ільняной тканіны шылі адзенне і бялізну, больш грубую выкарыстоўвалі з гаспадарчай мэтай. З насення лёну выраблялі алей, адварам лячылі страўнік і іншыя органы. У выглядзе кашыцы выкарыстоўвалі пры апёках, фурункулах і іншых пашкоджаннях скуры.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі лён быў галоўным экспартным прадуктам і асноўнай крыніцай папаўнення дзяржаўнай казны. Напрыклад, у 1843 годзе лёну вывезлі ў Еўропу на 19 мільёнаў рублёў серабром. Між іншым вываз хлеба не перавышаў 12 мільёнаў, сала – 11, пянькі — 7.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.