Новости Молодечно и Молодечненского района

Лебедзева -- кропка на карце ВКЛ

  • 2017-05-03 12:08:48
  • Соб. инф.

Пра Лебедзева, якое мае старажытнае паходжанне, сказана і напісана шмат. Тым не менш, даследуючы яго гісторыю, мы і сёння знаходзім малавядомую і цікавую інфармацыю. Пошукі даследчыкаў Лебедзеўшчыны паказваюць, што гэта зямля яшчэ захоўвае ў сабе шмат невядомых таямніц. І на іх разгадванне спатрэбіцца шмат часу. Вядома, што спачатку ў ваколіцах сучаснага Лебедзева былі гарадзішча і селішча балтаў, якія адносяцца да жалезнага веку. У 1387 годзе з’явілася першае пісьмовае ўпамінанне пра Лебедзева, звязанае з узаемаадносінамі вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Ягайлы і яго брата Скіргайлы.

На карце гарадоў Вялікага Княства Літоўскага ХІV-ХV стагоддзяў мы бачым і Лебедзева. Наяўнасць яго сярод старажытных гарадоў былога княства выклікае патрыятычныя пачуцці і паважлівыя адносіны да гісторыі. Многія стагоддзі існавання Лебедзева насычаны вялікай колькасцю падзей. Пра многія з іх мы ведаем дзякуючы пісьмовай інфармацыі. Дапаўненнем да яе з’яўляюцца археалагічныя знаходкі розных часоў, якія пашыраюць нашы гістарычныя веды пра населены пункт.

Крамянёвы наканечнік стралы, нядаўна знойдзены ў ваколіцах Лебедзева, хутчэй за ўсё з’яўляецца сведкай каменнага веку. Калі ён быў выраблены? Магчыма, у новым каменным веку альбо яшчэ раней – у сярэднім. Нам гэта невядома. Сёння мы можам толькі гаварыць пра той перыяд гісторыі, калі паляванне было важным заняткам нашых далёкіх продкаў і менавіта яно дапамагло ім выжыць у цяжкіх умовах першабытнасці. Пра новы каменны век мы таксама можам гаварыць, калі глядзім на каменную сякерку тыпу «клін», якую выкарыстоўвалі нашы далёкія продкі ў якасці прылады працы, а пазней, магчыма, як абярэг.

Гандлёвы шлях з Вільні

Мы ведаем, што яшчэ ў Сярэдневякоўі тут праходзіў старажытны гандлёвы шлях з Вільні і Крэва на Мінск і Полацк. Раз-пораз уздоўж  названага гасцінца і на тэрыторыі былога Лебедзеўскага рынку, вакол якога стаялі яўрэйскія лаўкі і свірны, можна знайсці цікавыя рэчы ў выглядзе металічных грошай, абразікаў, завушніц, бранзалетаў, пацерак, таварных пломб, алавяных рытуальных яўрэйскіх сімвалаў, пячатак альбо іншых артэфактаў. Яны таксама могуць нам шмат пра што расказаць. І сёння былыя контуры гандлёвай плошчы добра бачныя. Яны наводзяць нас на думку, што тут многія стагоддзі таму «кіпела» і «віравала» значная частка жыцця нашых продкаў. Можна сцвярджаць, што тагачасныя прадаўцы і пакупнікі карысталіся пеняззю, унікальнай сярэбранай манетай — партрэтным дынарыем Ягайлы, які чаканілі ў 1387-1388 гадах. Сярэбраныя манеты Польшчы і Прусіі сярэдзіны ХVІ-ХVІІ стагоддзяў таксама з’яўляюцца доказам актыўных таварна-грашовых адносін у нашай мясцовасці ў той перыяд часу.

Іконка-ладанка, медны абразок

Даўнія і глыбокія карані мае на лебедзеўскай зямлі хрысціянства. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца іконка-ладанка святых Кузьмы і Дзям’яна – апекуноў сенакосу, жніва і малацьбы, якая добра захавалася ў зямлі ў алавянай бронзе. Выраб адносіцца да ХІV-ХV стагоддзяў. У ХV стагоддзі на Лебедзеўшчыне пачынае свае крокі і каталіцызм. Выклікае цікавасць знойдзены тут медны абразок дробнай шляхты з выявай святога Францыска

Асізскага – заступніка навакольнага асяроддзя, заснавальніка Ордэна францысканцаў, якога называюць «самым прывабным святым». Абразок быў выраблены ў другой палове ХVІІІ стагоддзя ў гонар аднаго з яго дванаццаці подзвігаў.

Акарына – гліняная флейта

Прыгадваючы даўнія музычныя і песенныя традыцыі лебедзеўцаў і вядомую за межамі нашай рэспублікі Лебе-дзеўскую народную харавую капэлу, трэба расказаць чытачу пра цікавы музычны інструмент акарыну, які мае дачыненне і да нашага мястэчка. Гэта флейта, форма якой нагадвае профіль галавы гусяняці. Сканструяваў яе ў 1860 годзе італьянскі майстар Джузэпэ Данаці. Хутка акарына набыла папулярнасць у многіх краінах свету. Праз Польшчу і Літву гэта флейта трапіла на Беларусь. Пачалі вырабляць яе і беларускія майстры ў Івянцы, Слоніме і Лебе-дзеве Вілейскага павета. Займаліся гэтай справай лебе-дзеўскія ганчары — браты Ігнат і Сямён Посахі. Тут флейту не толькі выраблялі і прадавалі на мясцовым рынку, яна стала ў тыя часы папулярным музычным інструментам. Важна, што сучасныя навучэнцы Лебедзеўскай дзіцячай школы мастац-тваў пад кіраўніцтвам педагога Сяргея Ярука працягваюць даўнішнія традыцыі, асвоілі акарыну, добра іграюць на ёй.

Стальная кальчуга для музея

Лебедзеўская гісторыя мае сваіх прыхільнікаў. Адным з яе аматараў з’яўляецца мясцовы краязнавец Дзмітрый Карпіновіч, які стараецца па магчымасці дапамагаць школьнаму гісторыка-краязнаўчаму музею «Спадчына». Мы вельмі ўдзячныя за стальную кальчугу, якую ён зрабіў і падарыў нашаму музею. Яна выклікае вялікую цікавасць у дзяцей і дарослых наведвальнікаў.

Дзіяна Кобзун па прафесіі дызайнер, прымае актыўны ўдзел у афармленні гістарычных рэканструкцый Лебедзеўшчыны. Пры вывучэнні мясцовай гісторыі дапамагае нам парадамі і навуковымі кансультацыямі малодшы навуковы су-працоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі Беларусі Яўген Уласавец.

Гісторыя Лебедзева працягваецца. Веды і жаданне па-знаць свае карані, вопыт і шматвяковая плённая праца мінулых пакаленняў лебедзеўцаў дазваляюць нам быць аптымістамі і бачыць перспектыву развіцця нашага аграгарадка.

Антон АПАНАСЕВІЧ,
настаўнік гісторыі Лебедзеўскай СШ, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына».