У кнізе «Памяць» пазначана, што гэты населены пункт вядомы з XVIII стагоддзя, між тым мясцовыя жыхары знайшлі ў архівах звесткі, што вёсцы ўжо 360 гадоў ці нават больш. Як бы там ні было, апошняе свята вёскі тут адзначалі 17 гадоў таму, па гэтай прычыне мясцовыя жыхары з вялікім імпэтам рыхтаваліся да падзеі, прыбралі двары і вуліцу, запрашалі сваякоў і гасцей. У сучаснай Раеўшчыне тры вуліцы, 69 двароў, тут жыве амаль 150 чалавек. Вёска будуецца, прырастае новымі сучаснымі дамамі – блізкасць горада ўдыхае ў яе новае жыццё. Ды і на дзядоўскіх, бацькоўскіх сядзібах нашчадкі стараюцца навесці парадак, а пустыя дамы трымаюцца ў цане, і на іх ёсць попыт.
Адкрыў свята старшыня Мясоцкага сельвыканкама Алег Горбач. Павіншаваў мясцовых жыхароў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч. Вядучыя Таццяна Каляда і Сяргей Аруцюнян запрасілі на сцэну лепшых працаўнікоў Таццяну і Леаніда Рымша. Нельга было не парадавацца сямейным парам доўгажыхароў: Ефрасіння і Пётр Дылеўскія пражылі ў шлюбе 60 гадоў, хутка адзначаць брыльянтавае вяселле Крысціна і Яўгеній Жук, 56 гадоў разам Галіна і Фелікс Карасевічы. Віталі са сцэны мнагадзетную сям’ю Вольгі і Валерыя Андрушчанка, маладых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Івана Красоўскага, Валянціна Рымшу, Дар’ю Александровіч, Яўгенія Красоўскага, Уладзіслава Козела. Ушанавалі і самага маленькага жыхара Паўла Жука, яго бацькоў Кацярыну і Віталія.
Напярэдадні ўрачыстасці ў вёсцы быў аб’яўлены конкурс па добраўпарадкаванні, вынікі якога былі агучаны са сцэны: лепшая сядзіба, самае арыгінальнае афармленне падвор’я ў Таццяны Сянько, у намінацыі «Умелыя рукі» пераможцай стала Дар’я Александровіч.
Прыгожыя песні ў выкананні Лады Лінкевіч, Таццяны Варнаўскай, Алены Качарго, Ані Філістовіч, вакальнага ансамбля «Журавачка» сталі выдатным музычным падарункам усім прысутным.
У цэнтры ўсеагульнай увагі былі таксама ўдзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька», які ў гэты дзень віншавалі з 45-годдзем. Гэта адзін з самых самабытных калектываў нашага раёна. Песні ў яго выкананні яшчэ ў мінулым стагоддзі ўвайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё, гучаць у эфіры і сёння, удзельніц «Крынічанькі» неаднойчы здымала тэлебачанне, яны былі паўфіналістамі рэспубліканскага тэлепраекта «Песні маёй краіны».
Нязменная на працягу 32 гадоў кіраўнік ансамбля Валянціна Данілевіч з вялікай удзячнасцю называла на свяце прозвішчы самых першых удзельніц, якія навучылі маладых старадаўнім песням. Гэта Ніна Пазуха, Рэгі-
на Полаз, Вера Сымановіч (у пачатку 1990-х перад гастролямі ў Польшчу гэтыя жанчыны выткалі палатно на спадніцы для ўсяго калектыву), Ніна Дылеўская, Яўгенія Юрэцкая. Шмат гадоў спявалі Марыя Галюк, Марыя Лосева – сапраўдныя захавальніцы народных традыцый, якія не толькі ведаюць шмат старадаўніх песень, але і пяклі хлеб, пірагі па даўнейшых рэцэптах. Вялікі ўклад у развіццё ансамбля ўнеслі Ганна Сахацкая (яна, дарэчы, з’яўляецца старастам Раеўшчыны), Таццяна Кштальтная, некаторы час тут спявала Вольга Шыбут, якую ведаюць як выдатную вышывальшчыцу. З часам калектыў абнавіўся, цяпер у яго складзе Зінаіда Белень, Тамара Бярэзіна, Людміла Плісава, Тамара Троцкая, Ганна Шчыпанава, Святлана Капуцкая, Ірына Жук, Ірына Ярук. Нельга не сказаць і пра акампаніятара Уладзіміра Данілевіча, які больш за 30 гадоў разам з жанчынамі выходзіць на сцэну. А яшчэ Уладзімір Уладзіміравіч іграе на вячорках, што ладзіць у цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна этнаграфічны клуб «Кола». Арыгінальныя сувеніры ўручыла юбілярам дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Ганна Владыка: для кожнай удзельніцы заказалі гліняную імянную ляльку-скарбонку. І гэта вельмі сімвалічна: за 45 гадоў існавання «Крынічанька» сама стала скарбонкай народнай творчасці, адной з візітных картак раёна, без якой не абыходзяцца зажынкі і дажынкі, Купалле, іншыя святы. Таленавіты музыкант і педагог, наш знакаміты дудар Сяргей Ярук віншаваў калектыў, у якім спявае яго матуля і з якім пэўны час працаваў сам. Разам з пляменніцай Валерыяй, якая іграла на цымбалах, ён падарыў любімаму ансамблю прыгожыя беларускія мелодыі.
Насычаным і шматгранным атрымалася свята вёскі. А закончылася яно дасціпнымі жартамі, якія гучалі ў рамках раённага конкурсу гумару і гульні «Пацехі па-маладзечанску». З Пятроўшчыны завітаў цыганскі табар (Кацярына Барысава, Святлана Галубовіч, Юрый Лешчык), Вольга Зяновіч з Гарадка падрыхтавала гульнявую праграму «Хлопцы, трымайцеся!», Ніна Руткоўская з Хажова чытала вершы, Віктар Сыракваш з Заскавіч – дасціпныя байкі. Алеся Шчарбакова з Відзеўшчыны ўсіх насмяшыла маналогам «Абанемент на фітнес», Таццяна Варнаўская з Краснага разважала на тэму «Мужчыны і жанчыны». Да канца свята ва ўсіх гасцей балелі сківіцы ад смеху, ногі – ад скокаў, далоні – ад гарачых апладысментаў. Значыць, мерапрыемства ўдалося.
«Мы з мужам паставілі побач свае лялькі з імёнамі Валянціна і Уладзімір, манеткі ў іх раз-пораз кідаем, свята ўспамінаем і радуемся, — шчыра гаворыць Валянціна Данілевіч. — Радуемся, што 44 гады пражылі разам, дзяцей выгадавалі, унукаў дачакаліся. І што ёсць, як у маладосці, натхненне іграць, спяваць, быць карыснымі для роднай Раеўшчыны. Яна для нас – сапраўдны рай на зямлі…».
Фота: архіў ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЙ КЛУБНАЙ СІСТЭМЫ РАЁНА.