Надвор’е для аграрыяў дрэнным не бывае. Вынік справы залежыць найперш ад прафесіяналізму работнікаў і арганізацыі працы. Гэта тычыцца, у тым ліку, і нарыхтоўкі кармоў. Так лічыць дырэктар ААТ «Селеўцы» Уладзімір Карась. У «экспедыцыю» ў гэту гаспадарку карэспандэнты «МГ» адправіліся разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам. Наша мэта – пазнаёміцца з ходам «зялёнага жніва» і ацаніць умовы працы работнікаў.
Пра надвор’е кіраўнік сельгаспрадпрыемства прыгадаў нездарма. На Маладзечаншчыне даволі доўга не было дажджоў. Некаторыя палі выгаралі і цяпер нагадваюць стэпы. Стварыць кармавую базу на стойлавы перыяд у такіх умовах — няпростая задача.
— Працуем на апярэджанне, — расказвае дырэктар. – Для паспяховага правядзення «зялёнай касавіцы» створаны спецыяльны штаб, які курыруе пытанні тэхналагічныя і сацыяльныя. Работы ідуць поўным ходам. Імкнёмся скарыстаць кожную хвіліну, каб назапасіць больш кармоў. Асаблівую ўвагу надаём якасці. Калі вільготнасць травы ў полі перавышае 66 працэнтаў, яна скошваецца для закладкі на сянаж, калі менш — на сена. На сёння духмянага корму для жывёлы ў гаспадарцы назапашана каля 90 тон (план – 375 тон).
Сянажную масу трамбуюць два магутныя «Амкадоры». Працуюць яны кругласутачна. Рабочы дзень іншых механізатараў і вадзіцеляў, якія задзейнічаны ў нарыхтоўцы кармоў, доўжыцца ад цямна да цямна. На сярэдзіну тыдня нарыхтавана на адну ўмоўную галаву амаль 9 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Плануецца нарыхтаваць больш за 30.
Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што ўдзельнікі «зялёнага жніва» матываваныя, нацэленыя на вынік, працуюць з поўнай аддачай. Людзі забяспечаны двухразовым бясплатным гарачым харчаваннем. Для іх корманарыхтоўка – гэта яшчэ і добрая магчымасць зарабіць. Таму падганяць і ўгаворваць работнікаў не трэба.
Напрыклад, Дзмітрый Вайніловіч за змену перавозіць да сянажнай ямы да ста тон зялёнай масы. Механізатар працуе ў гаспадарцы два гады. Ён ужо ўдзельнічаў у пасяўной кампаніі, таму справу ведае, да тэхнікі ставіцца па-гаспадарску. Умовамі працы і адносінамі да сябе з боку кіраўніцтва малады спецыяліст задаволены.
Хто добра працуе, не можа паскардзіцца на дрэнны апетыт. Яго задаволіць дапамагаюць комплексныя абеды, якія гатуюць работнікі сталовай Вольга Пілецкая і Кацярына Козел. Жанчыны стараюцца, каб абеды і падвячоркі заўсёды былі разнастайныя, смачныя і каларыйныя. Прывозяць іх на поле гарачымі і кожны дзень чуюць шчырыя словы падзякі. Калі мы наведалі сталовую, там гатаваліся 32 порцыі для механізатараў.
Апошні прыпынак на маршруце – сянажная яма ля вёскі Чэрнева. Закладзена яна была 6 чэрвеня і за некалькі дзён практычна запоўнілася. Сюды пастаянна пад’язджала тэхніка з зялёнай масай. Утрамбоўваў вітамінныя кансервы для жывёл Павел Александровіч.
Мы пераканаліся, што дзякуючы добра арганізаванай, зладжанай рабоце ўсіх структурных падраздзяленняў нарыхтоўка кармоў у гаспадарцы вядзецца паспяхова. А высокая забяспечанасць жывёлы паўнацэннымі кармамі – надзейная аснова для выканання заданняў па вытворчасці малака і мяса.
— «Селеўцы» традыцыйна ў лідарах па вытворчасці збожжа і нарыхтоўцы кармоў, — адзначыў на зваротным шляху Уладзімір Саланенка. – Таварыства вызначаецца высокай культурай земляробства. Усе агратэхнічныя мерапрыемствы тут выконваюцца якасна і ў аптымальныя тэрміны. Важнае значэнне маюць і сацыяльная падтрымка работнікаў, прафілактыка вытворчага траўматызму. Дзякуючы гэтаму ў раённых спаборніцтвах гаспадарка і сёлета павінна паказаць добрыя вынікі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК нагадаў, што ў раёне зацверджаны ўмовы спаборніцтва сярод сельгасарганізацый Маладзечаншчыны і асобных катэгорый работнікаў. Пераможцы будуць вызначацца, у тым ліку, і ў корманарыхтоўцы. І гэта яшчэ адзін стымул добра папрацаваць на «зялёным жніве».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.