— Гаспадарка адна з першых у раёне прыступіла да касьбы бабова-злакавай травяной сумесі і ўзяла ў корманарыхтоўцы добрыя тэмпы, — паведаміў аграном філіяла Мікалай Цадко, з якім мы сустрэліся на мехдвары аграфірмы. – Штодня на палі выязджаюць два магутныя кормаўборачныя комплексы («Ягуар» і «Палессе»). Вывозяць зялёную масу восем адзінак тэхнікі. На трамбоўцы «кансерваў для жывёл» у сянажных траншэях задзейнічана пара шматтонных «Амкадораў». Тэхналогія нарыхтоўкі кармоў выконваецца дакладна. Усяго запланавана правесці першы ўкос на 1050 гектарах.
Спецыяліст падкрэсліў, што ў час «зялёнага жніва» вялікая ўвага надаецца бытавым умовам удзельнікаў кампаніі. Людзі забяспечаны гарачым харчаваннем. Яны таксама атрымліваюць падвячорак, мінеральную ваду. На мехдвары ёсць магчымасць прыняць душ. Там жа абсталяваны пакой для прыёму ежы. Такім чынам, чалавечы фактар — найбольш надзейнае звяно ў корманарыхтоўцы. Галоўнае – каб не падвяло надвор’е.
Разам з аграномам едзем на палі. Менавіта там пачынаецца корманарыхтоўчы канвеер. Дарога не заняла шмат часу. Пры гэтым у сустрэчным напрамку прайшлі некалькі машын з убранай зялёнай масай. Было бачна, што для аграрыяў дарагая кожная хвіліна.
— Да «зялёнага жніва» ў гаспадарцы рыхтаваліся загадзя, — адзначыў па дарозе Мікалай Цадко. – Прыводзілі ў парадак тэхніку, распрацоўвалі заданні, удакладнялі расцэнкі. Для павышэння ўраджайнасці на палі была вывезена неабходная колькасць мінеральных угнаенняў. Значныя плошчы засеялі высокаўраджайнымі сартамі травяных сумесяў. Усё гэта дало станоўчыя вынікі. Нягледзячы на засушлівую вясну, сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складае каля 180 цэнтнераў з гектара.
А вось і эпіцэнтр падзей. Трава на полі была ўжо скошана і сабрана ў валкі. Корманарыхтоўчыя комплексы хутка падбіралі зялёную масу. Дакладна, як вартавыя, свае пазіцыі ля іх мянялі трактары і аўтамабілі, якія адвозілі груз на ўзважванне, а потым да сянажных траншэй. Было відавочна: людзі, якія кіравалі тэхнікай, сваю справу ведаюць.
На прапанову сфатаграфавацца ўдзельнікі корманарыхтоўкі адгукнуліся з энтузіязмам. Аднак затрымлівацца не сталі. Перакінуліся некалькімі словамі і без перакуру прадоўжылі работу.
— Гаспадарка мае мяса-малочную спецыялізацыю, таму забеспячэнне буйной рагатай жывёлы кармамі ў стойлавы перыяд – пытанне для нас стратэгічнае. Работнікі аграфірмы гэта ведаюць і працуюць з поўнай аддачай. Яны разумеюць, што дабрабыт сем’яў і стабільнасць у працы ў многім залежаць ад іх саміх, — падкрэсліў Мікалай Цадко.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.