Нагадаем, што ўласнікі жылля, не занятыя ў эканоміцы, павінны аплачваць цалкам гарачае водазабеспячэнне з 1 студзеня, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне — з 1 кастрычніка.
На пасяджэнне былі запрошаны жыхары горада і раёна менавіта такой катэгорыі. Людзі мелі магчымасць даказаць, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, таму плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачую ваду не могуць.
Сярод запрошаных былі тыя, хто даглядаў хворых бацькоў ці дзяцей, праходзіў рэабілітацыю пасля перанесенага захворвання, не мог уладкавацца па спецыяльнасці… Усе запрошаныя актыўна шукалі работу.
Члены камісіі аб’ектыўна разбіраліся ў кожнай сітуацыі, вывучалі прадстаўленыя дакументы, падказвалі, што рабіць у тых або іншых абставінах. Размова праходзіла ў добразычлівай атмасферы. Людзям, якія гатовы асвоіць новую спецыяльнасць або адкрыць уласную справу, прапаноўвалі запісацца на спецыяльныя курсы, а потым атрымаць субсідыю на развіццё бізнесу. Некалькі чалавек былі накіраваныя на канкрэтныя прадпрыемствы.
Ад поўнай аплаты за гарачае водазабеспячэнне на тры месяцы камісія вызваліла ўсіх, хто прадставіў неабходныя дакументы. Некаторым людзям дадзены дадатковы час, каб яны маглі або ўладкавацца на работу, або сабраць патрэбныя даведкі.
Як адзначыла сакратар камісіі Ірына Варатынская, у прыкладным пераліку аб’ектыўных абставін, якія могуць быць аднесены да цяжкіх жыццёвых сітуацый, значная частка прыпадае на абставіны па стане здароўя. Прычынамі для вызвалення ад аплаты ЖКП па поўных тарыфах таксама могуць стаць абставіны, што ўплываюць на сітуацыю на рынку працы рэгіёна, догляд непрацаздольных членаў сям’і (мужа, жонкі, бацькоў, дзяцей, братоў і сясцёр, дзядуляў, бабуль і іншых), якія жывуць у адным населеным пункце з грамадзянінам, унесеным у лік не занятых у эканоміцы, і г.д.
Тэлефон камісіі: 58-13-45. Адрас: вул. Прытыцкага, 5, каб. 206. Звяртацца ў рабочыя дні з 8.00 да 17.00 (перапынак на абед — з 13.00 да 14.00).
Фота: Аляксей ПЛАТКО.