Новости Молодечно и Молодечненского района

Комиссия по содействию занятости работает в Молодечно

  • 2018-07-18 07:31:51
  • Алег Бяганскі

Выйсце ёсць заўсёды

Камісія праводзіць пасяджэнні кожны другі і чацвёрты чацвер месяца ў будынку ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама (вул. Прытыцкага, 5, пачатак — у 15.00). На адным з пасяджэнняў прысутнічалі карэспандэнты «Маладзечанскай газеты».
На прыём прыйшлі 11 чалавек. Многія наведвальнікі маюць інваліднасць. Некаторыя знаходзяцца на прафілактычным уліку ў РАУС. Некалькі чалавек перадпенсіённага ўзросту.

Запрасіла камісія і прадстаўнікоў работадаўцаў — «Кіруючай кампаніі холдынгу «Забудова», вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Міг-ЛТД», ЗАТ «Сняжынка», ААТ «Купала-Агра», ААТ «Фабрыка Блауз», УП «ЭНВА» ГА «БелТіЗ», Маладзечанскага медыцынскага каледжа.

Трэба адзначыць, што фармат пасяджэння дазваляў комплексна разглядаць справы запрошаных. Рашэнні прымаліся аператыўна. Пры неабходнасці тлумачэнні давалі прадстаўнікі праваахоўных органаў, камунальных і сацыяльных службаў. У выніку выйсце знаходзілася па кожнай сітуацыі. Адны наведвальнікі атрымлівалі накiраванні на пастаяннае або часовае працаўладкаванне, іншым прапаноўвалася адкрыць сваю справу, прайсці курсы павышэння кваліфікацыі і атрымаць новую спецыяльнасць.
Так, інваліду 3-й групы, які ўмее рамантаваць абутак, вырашана аказаць метадычную дапамогу ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Некалькі чалавек накіраваны на аплачваемыя грамадскiя работы ў фермерскую гаспадарку Ігара Пакуша. У ТАА «Велес-МІТ» запоўнена вакансія грузчыка.
А вось тых, хто не хацеў нічога мяняць у сваім жыцці, ігнараваў патрабаванні службы занятасці, пазбаўлялі статуса беспрацоўнага. Такім чынам, да працаўладкавання або дасягнення пенсіённага ўзросту гэтыя асобы будуць лічыцца не занятымі ў эканоміцы.

На камісію спадзявайся, а сам не здавайся
Пасля пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта падрабязна расказаў пра дзейнасць камісіі і патлумачыў асноўныя палажэнні Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».   

— Пастаянная камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтву створана рашэннем райвыканкама ў красавіку гэтага года, — адзначыў Андрэй Анатольевіч. – У яе склад увайшлі намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, адукацыі, спорце і турызме, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, арганізацыйна-кадравай работы, а таксама дэпутаты розных узроўняў, прадстаўнікі РАУС, ЖКГ і прафсаюзаў.

Асноўныя мэты камісіі – стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці жыхароў горада і раёна, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці. Камісія створана з мэтай рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта №3.


Для выканання пастаўленых задач члены камісіі праводзяць кансультацыі па пытаннях занятасці і самазанятасці, бяруць на ўлік працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, разглядаюць пытанні працаўладкавання «абавязаных» асоб, тых, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, і гэтак далей.
Субяседнік нагадаў, што парадак аднясення працаздольных грамадзян у лік не занятых у эканоміцы вызначаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, да гэтай катэгорыі адносяцца асобы, якія не ажыццяўляюць працоўную, вучэбную ці іншую дзейнасць, віды якой пералічаны ў пастанове.

Легальна працаваць выгадна
— Згодна з Дэкрэтам №3 тыя, хто трапіў у адпаведную базу, будуць аплачваць паслугі ЖКГ па тарыфах, што забяспечваюць поўнае вяртанне эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне, — падкрэсліў Андрэй Паўкшта. – Пры гэтым дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на зарэгістраваных беспрацоўных, на маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей, на рамеснікаў, якія аплачваюць збор за сваю дзейнасць, іншыя катэгорыі насельніцтва.

Трэба ведаць, што за гарачае водазабеспячэнне не занятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне пачнуць плаціць па павышаным тарыфе з 1 студзеня наступнага года, а газазабеспячэнне (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і цеплазабеспячэнне – з 1 кастрычніка. Такім чынам, легальная работа не толькі павысіць сямейны даход, але і пазбавіць ад лішніх выдаткаў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў дадаў, што фігуранты базы могуць цалкам або часткова вызваляцца ад поўнай аплаты паслуг ЖКГ. Для гэтага яны або іх сваякі павінны звярнуцца ў камісію і даказаць, што іх сям’я знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Як зазначыў Андрэй Анатольевіч, у раёне многае робіцца для паляпшэння сітуацыі на рынку працы — праводзіцца навучанне грамадзян па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Сярод іншых мер садзейнічання занятасці – павышэнне мабільнасці рабочай сілы, арганізацыя для беспрацоўных аплачваемых грамадскіх работ і іх часовае працаўладкаванне. Такім чынам, усе, хто хоча і можа працаваць, маюць магчымасць удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў і тым самым прыносіць карысць дзяржаве.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.