— Пасяўная сёлета павінна быць праведзена ў сціснутыя тэрміны, — адзначыла галоўны аграном гаспадаркі Наталля Вішнеўская. – Мінулы год быў засушлівы. Вільгаці ў глебе назапасілася мала. І тая хутка сыходзіць. Таму лік ідзе нават не на дні — на гадзіны. Вось чаму ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы трэба выканаць якасна і ў аптымальныя тэрміны.
Усяго ў планах «Усход-Агра» пасеяць 1085 гектараў яравых, закрыць вільгаць на 880 гектарах, падкарміць 1048 гектараў азімых збожжавых і гэтак далей. Мінеральныя ўгнаенні пачалі ўносіць на палі яшчэ ў канцы лютага. Фронт работ пастаянна пашыраецца.
Наталля Рамуальдаўна пад-крэсліла, што да вясенніх палявых работ у гаспадарцы рыхтаваліся загадзя. Быў прыведзены ў парадак машынна-трактарны парк. Пад яравы клін назапашана дастатковая колькасць мінеральных угнаенняў. Работнікі прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Цяпер на палях задзейнічана шэсць энерганасычаных трактароў, іншая тэхніка.
— Поспех пасяўной перш за ўсё залежыць ад людзей, іх матываванасці і нацэленасці на вынік. Таму арганізацыі працы надаецца першачарговая ўвага. Удзельнікі палявых работ забяспечаны спецадзеннем. Для іх арганізавана гарачае харчаванне. Робіцца ўсё неабходнае, каб не траціць каштоўны час, — паведаміла галоўны аграном.
У добрай арганізацыі работ мы пераканаліся асабіста, калі разам з галоўным аграномам накіраваліся на поле пад Раеў-шчынай. Прызначана яно пад кукурузу. Тут на магутным «Кіраўцы» механізатар Віктар Кардаш праводзіў закрыццё вільгаці.
— Каб атрымаць багаты ўра-джай, старацца трэба ўжо цяпер. Таму на поле выязджаем па «першым званку». А ўмовы для плённай працы створаны добрыя, — зазначыў механізатар.
Трэба адзначыць, што Віктар Ціханавіч адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі. Ён унікальны спецыяліст. Можа і тэхніку адрамантаваць, і поле ўзараць па вышэйшым разрадзе. Пяць гадоў таму былы чарнобылец дасягнуў пенсіённага ўзросту. Аднак і цяпер ён «у страі», паказвае прыклад іншым.
— Работа ў аграрыяў цяжкая, пры гэтым адказная, – падсумавала размову Наталля Рамуальдаўна. – Асабліва напружаныя перыяды – пасяўная і ўборачная. Людзі гэта разумеюць, таму працуюць з поўнай аддачай.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.