Адкрыла мерапрыемства ўласным вершам «Госці ў хаце» Святлана Капуцкая -- верны сябр і чытач бібліятэкі. У час праграмы прыгадалі імёны папярэдніх уладальнікаў ганаровага тытула «Чытач года». Гэта Інеса Ларына, Жанна Бурачонак, Любоў Лыско, Дзмітрый Ермаковіч, Валерый Хвораў, Надзея Лябёдка, Алег Іваноў, Алена Клімовіч, Наталля Гойдзіна, Зінаіда Дубаневіч. Кожны з іх шматгранная асоба, якая не ўяўляе свайго жыцця без чытання кніг. Тое ж можна сказаць і пра сёлетніх пераможцаў.
Якуб Колас, Сяргей Грахоўскі – любімыя пісьменнікі Валянціны Міхасёнак, якая стала лепшай у намінацыі «Патрыёт беларускай літаратуры». Валянціна Аляксееўна з’яўляецца чытачом бібліятэкі 54 гады.
Алена Грыгор’ева названа мацнейшай у намінацыі «Шматгранны чытач». Яна любіць чытаць кнігі розных жанраў: гістарычныя, фантастыку, пра жыццё знакамітых людзей, пра каханне…
Намінацыю «Залаты фармуляр» прадставіла Людміла Лазар, якая сябруе з бібліятэкай 52 гады. Людміла Барысаўна пажадала моладзі не цурацца кнігі.
Пераможца ў намінацыі «Перспектыўны чытач» – Паліна Галавач. Яна наведвае бібліятэку некалькі разоў на месяц, чытае творы сучасных аўтараў, замежную літаратуру, цікавіцца псіхалогіяй.
Прыемна было пазнаёміцца з сям’ёй, якая перамагла ў намінацыі «Сямейнае трыа»: тата Васілій Іванавіч любіць чытаць дэтэктывы, маці Аляксандра Мікалаеўна – жаночыя раманы, дачка Алеся Васільеўна чытае розныя па жанры кнігі.
Галоўная інтрыга ўрачыстасці захоўвалася да апошняга. Галіна Адамовіч, намеснік дырэктара бібліятэкі, назвала імя «Чытача года 2023». Ім стаў Міхаіл Мядзведзеў. Міхаіл Іванавіч колькі сябе помніць, столькі і чытае. У бібліятэку яго запісаў бацька, калі хлопчыку было тры гады.
Кожнага намінанта павіншавалі, уручылі падарункі. Па традыцыі «Чытача года» ўзнагародзілі бестэрміновым чытацкім білетам, а таксама сімвалічнай керамічнай кніжнай савой, якую майстры зрабілі для ўрачыстасці.
Валянціна МЯНЬКОВА,
галоўны бібліятэкар ЦРБ імя Максіма Багдановіча
Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ