Новости Молодечно и Молодечненского района

Карысна, калі маніторынгавую групу суправаджае кіраўнік гаспадаркі

  • 2021-11-12 06:44:02
  • Алег Бяганскі

Асаблівая ўвага надаецца сельскагаспадарчым арганізацыям. Справа ў тым, што сельскагаспадарчая вытворчасць мае сезонны характар. У шэрагу выпадкаў спецыялісты працуюць аўтаномна. Пры гэтым на прадпрыемствах АПК прымяняюцца траўманебяспечнае абсталяванне і механізмы.

Члены мабільнай групы намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Корсак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс расказалі аб арганізацыі сістэмы аховы працы ў гаспадарках Маладзечаншчыны.

Як адзначыла Марына Корсак, кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання разумеюць, што ўзровень забеспячэння бяспекі працы непасрэдна залежыць ад культуры вытворчасці. Там, дзе бездакорна выконваюцца тэхналагічныя нормы і рэгламенты, з работнікамі не можа здарыцца нічога дрэннага.

Вялікае значэнне мае матэрыяльны фактар. Калі на вытворчасці створаны бяспечныя ўмовы, работнікі будуць працаваць з большай аддачай. Значыць, і заробак будзе вышэйшы. Такая заканамернасць у раёне ёсць.

Спецыяліст паведаміла, што ў час маніторынгаў групу часта суправаджаюць кіраўнікі гаспадарак. Так было, у прыватнасці, у ААТ «Палачаны», СУП «ЯхімоўшчынаАгра». Такая зацікаўленасць прыносіць карысць — многія пытанні вырашаюцца на месцы, заданні адразу даюцца профільным спецыялістам. Увогуле, ад супрацоўніцтва ў сферы аховы працы выйграюць усе: і работнікі арганізацыі, і адміністрацыя, і суб’ект гаспадарання.

— Правядзенне маніторынгаў і абследаванняў стану аховы працы ў арганізацыях — адзін з напрамкаў дзейнасці прафсаюзнага актыву, — сказаў Анатолій Фурс. – Увага надаецца ўсім гаспадаркам Маладзечаншчыны. Да парад і рэкамендацый па ахове працы на месцах прыслухоўваюцца. Узнятыя пытанні вырашаюцца.

На МТФ «Літва» (СУП «ЯхімоўшчынаАгра») праводзяць рамонт агароджы.

Субяседнік зазначыў, што за трэці квартал года Маладзечанскі райкам прафсаюза работнікаў АПК самастойна і ў складзе мабільных груп правёў дзесяць тэматычных маніторынгаў. Грамадскі кантроль выявіў 46 парушэнняў заканадаўства аб працы і па ахове працы, выдадзена 10 рэкамендацый для ліквідацыі недахопаў. Адпаведная работа будзе прадоўжана.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.