У ліку ініцыятараў міжнароднага праекта Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і маладзёжны парламент Маскоўскай Дзяржаўнай думы.
-- Ён накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і ўвекавечванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, а таксама грамадзянска-патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі, -- заўважыла дырэктар гімназіі №6 Анжаліка Хандзецкая. -- У сучасных рэаліях гэта асабліва важна. Нам цікава было працаваць у рамках праекта. І педагогі, і дзеці яшчэ раз пагарталі гісторыі сваіх сем’яў, акунуліся ў мінулае. Многія знайшлі звесткі пра сваякоў і на тэматычных інтэрнэт-парталах. Усе матэрыялы мы аформілі і на памятным стэндзе ў нашай гімназіі.
Да слова, дзед па бацькавай лініі Анжалікі Аляксандраўны -- Адам Паўлавіч Заіка -- таксама прайшоў крывавымі дарогамі вайны. У складзе 213-га армейскага стралковага палка 37-й арміі ён удзельнічаў у вызваленні Украіны, Малдавіі, Балгарыі, дзе і сустрэў пераможны май 1945-га. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
… Для ўдзелу ў міжнародным праекце неабходна было напісаць пісьмо, адрасаванае будучаму пакаленню, альбо запісаць віншаванні ветэранаў, удзельнікаў баявых дзеянняў, былых вязняў і дзяцей вайны і іх сем’яў да 100-годдзя Вялікай Перамогі. Такім чынам, у аргкамітэт паступіла больш за паўтысячы пісьмаў. Гэта матэрыялы ў фота- і відэаварыянтах.
-- Былі і вершы, і запаветы… Усё самае каштоўнае, што можна перадаць нашчадкам, -- працягвае Анжаліка Хандзецкая. -- Вельмі прыемна, што матэрыялы, сабраныя намі, таксама захаваюцца ў капсуле Перамогі.
Яе плануецца адкрыць на стагоддзе Вялікай Перамогі -- 9 Мая 2045 года. А закладка адбылася ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Падзея сабрала шмат людзей: ад вучнёўскай моладзі і студэнцкіх атрадаў да ветэранаў той вайны. Таксама была пасаджана алея Перамогі.
Удзельнікі праекта з гімназіі №6 пакуль не былі ў гэтым месцы гістарычнай памяці. Але яно абавязкова з’явіцца ў іх маршрутах па родным краі.
Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ГІМНАЗІІ №6 імя Сцяпана Дзямешкі.