Новости Молодечно и Молодечненского района

Камбайнавы экіпаж-«тысячнік» павіншавалі ў полі

  • 2019-07-31 05:29:33
  • Алег Бяганскі


Адзначыць перадавы экіпаж з працоўнай перамогай прыехалі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, прадстаўнікі адміністрацыі гаспадаркі. Музычны падарунак «тысячнікам» зрабіў народны альклорна-этнаграфічны гурт «Крынічанька».

Юрый Горлаў пажадаў экіпажу не спыняцца на дасягнутым. Уборачная працягваецца, наперадзе яшчэ шмат работы. Таму праявіць сябе могуць і іншыя ўдзельнікі кампаніі. Тое, што першым тысячны рубеж пераадолеў экіпаж з ААТ «Хоўхлава», гаворыць пра многае. Гаспадарка не адрозніваецца высокай урадлівасцю глебы. Аднак паўплывалі арганізаванасць калектыву, добрая падрыхтоўка тэхнікі, зладжанасць у правядзенні жніва, належная якасць работ.

Сяргей Бабёр і Васілій Бабровіч атрымалі падзячныя пісьмы, падарункі і грашовыя прэміі. У адным камбайнавым экіпажы яны працуюць другі год. За плячыма кожнага не адно жніво. Перадавікі маюць намер пераадолець двухтысячны рубеж. Калі меркаваць па іх настроі, а таксама відах на ураджай, гэта цалкам магчыма.

Сяргей Бабёр і Васілій Бабровіч.

Героі жніва падкрэслілі, што поспеху яны дабіліся дзякуючы спраўнай рабоце тэхнікі. Камбайн правяраецца перад кожным выхадам у поле.

Пасля ўшанавання экіпаж «тысячнікаў» паабедаў (мабільная сталовая разгарнулася тут жа, на полі) і паспяшаўся на камбайн. У гарачую пару дарагая кожная хвіліна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.