— Ён праводзіцца Маладзечанскім райвыканкамам сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і з’яўляецца дадатковым мерапрыемствам да нашай штодзённай работы па ахове працы. Маніторынг, што праходзіць у яго рамках, дазваляе аператыўна выявіць парушэнні норм аховы працы і прыняць меры па іх выпраўленні, — адзначае старшыня Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна.
На працягу Тыдня нулявога траўматызму мабільная група наведвала прадпрыемствы розных форм уласнасці, азнаёмілася з умовамі працы работнікаў, праверыла дакументацыю, выявіла недапрацоўкі і дала свае рэкамендацыі. Карэспандэнт «МГ» пабывала на вытворчасці з мабільнай групай, у якую ўвайшлі Таццяна Яцухна, намеснік начальніка аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Корсак, намеснік начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксей Пашкевіч.
ПМК-212: прафесіям з павышанай бяспекай – асаблівая ўвага
Калі мы зайшлі ў адміністрацыйны будынак ААТ «ПМК-212», звярнулі ўвагу на стэнд, прысвечаны нулявому траўматызму, і выстаўку спецадзення, якім забяспечваюцца работнікі гэтай адной з найстарэйшых у раёне будаўнічай кампаніі, што вядзе свой адлік з 1954 года. За гэты час яна неаднойчы рэфармавалася, аднак нязменным застаецца адно – клопат аб бяспецы работнікаў. Як паведаміла нам вядучы інжынер па ахове працы Наталля Драко, у арганізацыі ўсё прадугледжана для недапушчэння выпадкаў траўматызму. Сёння ў кампаніі працуе амаль 260 чалавек. Многія прафесіі ўваходзяць у спіс работ з павышанай небяспекай – зваршчык, муляр, машыніст крана, стропальшчык і іншыя.Токар ПМК-212 Мікалай Неўдах расказвае аб умовах працы Аляксею Пашкевічу і Марыне Корсак.
— Пры ўладкаванні на работу ўсе спецыялісты ў нас праходзяць навучанне бяспечным метадам выканання работ, стажыроўку і праверку ведаў. І толькі пасля гэтага атрымліваюць допуск да работы, — расказвае Наталля Драко. – Нядаўна 17 вадзіцеляў велікагрузных машын прайшлі навучанне па спецыяльнасці «манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт» для таго, каб яны маглі справіцца з непрадбачанай сітуацыяй у дарозе.
Члены мабільнай групы азнаёміліся з дакументацыяй, калектыўным дагаворам, прайшліся па вытворчых цэхах, пагутарылі з работнікамі аб умовах іх працы, далі свае рэкамендацыі.
«РУЭЛТА»: сучасныя цэхі, сталы-трансформеры, сцены, якія рассоўваюцца
Перш чым правесці па цэхах, начальнік аддзела па эксплуатацыі сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «РУЭЛТА» Дзмітрый Еўтушкоў і старшыня прафкама кіраўнік праектаў па продажы Віталій Ясюкевіч выдалі нам каскі, як таго і патрабуе тэхніка бяспекі.Спецыялісты «РУЭЛТА» Дзмітрый Еўтушкоў і Віталій Ясюкевіч азнаёмілі Таццяну Яцухна і Марыну Корсак з вытворчасцю.
Гэта прадпрыемства выпускае сілавое электратэхнічнае абсталяванне для сферы энергетыкі. Спецыялісты адзначаюць, што пасля ўводу ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС попыт на прадукцыю прадпрыемства ўзрос, колькасць работнікаў павялічылі амаль да ста чалавек. Тут працуе шмат моладзі. Вось і цяпер праходзяць практыку трое навучэнцаў політэхнічнага каледжа, будучыя слесары-электрамантажнікі, у якіх ёсць перспектыва ўладкавацца сюды на работу. У сучасных вытворчых цэхах, узведзеных у 2014 годзе, усё прадугледжана для бяспечнай і камфортнай працы. Да прыкладу, ацяпленне ў электрамантажным цэху забяспечвае інфрачырвоны выпраменьвальнік, тэмпературны рэжым рэгулюецца ў залежнасці ад надвор’я. Не менш уражваюць і кабінеты інжынерна-тэхнічнага персаналу, абсталяваныя сталамі-трансформерамі, за якімі можна працаваць не толькі седзячы, але і стоячы. Ёсць кабінеты з рассоўнымі сценамі для вядзення перагавораў. Утульны, абстаўлены неабходнай бытавой тэхнікай пакой для прыёму ежы.Так на «РУЭЛТА» абсталявана рабочае месца слесара-электрамантажніка.
Члены мабільнай групы адзначылі некаторыя недапрацоўкі ў вядзенні дакументацыі і рэкамендавалі прывесці яе ў адпаведнасць з заканадаўствам. Таксама рэкамендавана ў бліжэйшы час узгадніць з вышэйшай арганізацыяй калектыўны дагавор прадпрыемства.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.