— Цяпер мы сталі вельмі сур’ёзна задумвацца над тым, як важна старэйшаму пакаленню перадаць моладзі памяць пра гераічнае мінулае нашага народа, выхаваць пачуццё патрыятызму, гордасць за сваю краіну, — адзначае Надзея Іванаўна, якая разам з дырэктарам Гарадоцкага сельскага Дома культуры Аленай Быцун правяла гэта мерапрыемства пад назвай «Скрозь гады з намі гутарыць вайна».
Удзельнічалі ў ім каля дваццаці чалавек, многія не ўпершыню, падобныя велапаходы праводзяцца некалькі апошніх гадоў. Сярод тых, кто падтрымаў ініцыятыву бібліятэкара, Уладзімір Тоўсцік, Кацярына Кебіч, Яўгеній Кандрацьеў з пяцігадовай дачкой Ксеніяй, Станіслава Звірыдоўская з унучкай Сашай, Зінаіда Душкевіч, Вольга Грыб з сынамі Сцёпам і Ромам і многія іншыя.
Першы прыпынак быў ля помніка недалёка ад вёскі Белева, дзе пахаваны савецкія воіны — два лётчыкі і артылерыст, якія загінулі ў ліпені 1941 года. На жаль, іх імёны невядомыя. А вось ля помніка каля вёскі Парадоўшчына назвалі пайменна 35 яе жыхароў, зажыва спаленых фашысцкімі карнікамі
24 снежня 1943 года. Калі гучалі імёны загінулых, сярод якіх былі і дзеці, у многіх на вачах з’явіліся слёзы. Гэты боль немагчыма забыць і праз 80 гадоў. Арцём Пашкуць прачытаў успаміны сведкі тых страшных падзей Генрыха Вянслаўскага, якога ўжо таксама няма ў жывых. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі да помніка кветкі, дзіцячыя цацкі.
Вершы, прысвечаныя загінуўшым ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, дэкламавала Валерыя Кулікова. Схіляючы галаву ў гэтым свяшчэнным месцы, кожны жадаў толькі аднаго: каб вайна больш ніколі не паўтарылася…
Каля 20 кіламетраў пераадолелі ўдзельнікі велапаходу. Па дарозе зрабілі прывал з пікніком, частаваліся гарбатай на травах, абменьваліся ўражаннямі. Лета скончылася, аднак успаміны аб такіх змястоўных мерапрыемствах, якія аб’ядноўваюць розныя пакаленні, застануцца надоўга.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Надзеі ЛЕГАН.