Новости Молодечно и Молодечненского района

Кірмашовы настрой

  • 2023-10-06 07:51:45
  • Ірына Рабушка

У нашым горадзе па традыцыі іх ладзяць на Старым Месце. Мы пабывалі на рэгіянальным кірмашы ў мінулую суботу. Пакупнікам прапаноўвалі прадукцыю сельгасарганізацыі, фермерскія гаспадаркі, гандлёвыя прадпрыемствы, таваравытворцы… Прычым прадаўцы былі не толькі з нашага рэгіёна, але і з іншых абласцей.


Кірмашовы настрой адчуваўся яшчэ задоўга да прыбліжэння да Старога Места. Было зразумела, што гараджане, якія неслі поўныя пакеты садавіны, агародніны, рыбы, вярталіся з пакупкамі менавіта адтуль. Не пуставалі і аўтобусныя прыпынкі ля Старога Места. Многія пасажыры былі з важкімі сеткамі-сумкамі запасаў на зіму.


Чым бліжэй да гандлёвых радоў, тым больш спажыўцоў загружалі ў аўто ці на веласіпеды мяшкі з бульбай. Дарэчы, прадаўцы прапаноўвалі і бясплатную дастаўку.

Андрэй і Анастасія Капцюг на кірмаш ехаць не планавалі: збіраліся да сяброў на наваселле. Але яны амаль у адзін голас заўважылі, што калі ўбачылі яркія гандлёвыя рады, не змаглі не спыніцца.

-- Глядзіце, якую мы цыбулю купілі! -- хваліцца гаваркі малады чалавек. --- Такую і падарыць не сорамна. Нам на кірмашы прыйшла ідэя купіць навасёлам кош рознай садавіны-агародніны. Агарода ў іх няма, а дары прыроды любяць.

Фотакамеры карэспандэнта Андрэй і Анастасія пасаромеліся. Што не скажаш пра Яўгенія і Кацярыну Прошчанка, таксама з нашага горада.

-- Мы жывём недалёка і заўсёды на кірмашы прыязджаем, -- гаворыць Яўгеній. -- Сёлета спецыяльна прыехалі, каб купіць цесцю саджанцы. Свой участак ля дома ўжо засадзілі, цяпер яму павязём сакуру, шаўкоўніцу, нектарын.
-- А я яшчэ і баклажаны купіла! -- паказвае Кацярына пакет спелай цёмна-фіялетавай агародніны.

Там, дзе прадавалі саджанцы, быў бойкі гандаль. На імправізаваных «прылаўках» як звыклыя для нас дрэўцы накшталт яблынь ды груш, так і даволі экзатычныя: грэцкі арэх і тамбоўскі фундук. Цэны ад 10 да 25 рублёў за саджанец. Да прыкладу, у Івана Васільева самы дарагі быў персік. Розныя саджанцы ён прывёз з пітомніка з Дзяржынска, дзе працуе разам з дзядзькам. Хлопец заўважыў, што на маладзечанскі кірмаш прыехаў упершыню і збіраецца яшчэ, бо гандаль у нас добры і дзяўчаты прыгожыя.

Нядоўга чакаў сваіх пакупнікоў аматар-садоўнік, як ён прадставіўся, Уладзімір са Століна. Маладзечанцам спадабалася яго маліна -- за 5 рублёў ён аддаваў скрыначку, у якой змяшчаецца прыкладна паўлітра ягад.
Не скардзілася на попыт хрызантэм і Анастасія Слука з Маладзечна. Ля яе рознакаляровага дывана кветак спыняліся і каб купіць іх, і проста палюбавацца. Анастасія расказала, што цяпер яна ў водпуску па доглядзе дзіцяці, захапілася вырошчваннем хрызантэм.

А сямейная пара пенсіянераў Марыі і Мікалая Верамейка прыйшла на кірмаш па мёд. Аднак не змаглі ўтрымацца і купілі яшчэ яблыкі і рыбу.

-- Мы жывём недалёка, таму пакупкі данесці да дома нескладана, -- заўважае Мікалай Антонавіч. -- Нам падабаецца бываць на кірмашах: ёсць прычына выйсці ў людзі і заадно парадаваць сябе чым-небудзь смачным.

Гандлёвыя рады сапраўды былі багатымі. Традыцыйна ў гэту пару года асаблівым попытам у пакупнікоў карыстаецца плодаагароднінная прадукцыя.

-- Я і сама на сезонных кірмашах шмат што купляю: памідоры, часнок, яблыкі, сёлета яшчэ і мёд вазьму, -- заўважае адна з прадаўцоў. -- Тут і цэны радуюць, і таварны від прадукцыі выдатны. Сваім пакупнікам таксама заўсёды раю, што лепш набыць.

-- Падкажыце, якія памідоры добрыя «на закатку», -- далучыўся да размовы сур’ёзны мужчына. -- Нешта ў мяне сёлета не ўрадзілі.

І хвілін праз дзесяць ён задаволены пайшоў з пакупкай -- мяшком спелых таматаў-пальчыкаў.

Прадаваліся на кірмашы і спадарожныя, прамысловыя тавары, сезонныя прадметы гардэроба.

А святочную атмасферу стваралі творчыя калектывы Маладзечаншчыны -- народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Крынічанька» Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, вакальная група «Беларусачка» Хажоўскага СДК, а таксама вакальная група «Крынічка» Радашковіцкага цэнтра культуры і адпачынку, народны фальклорны ансамбль «Маркаўчанка» Маркаўскага СДК.

Сезонныя кірмашы працягваюцца. Кожны жадаючы яшчэ зможа купіць тавар на свой густ, зрабіць запасы на зіму і проста атрымаць добры настрой. Шчодрыя прадаўцы заўсёды прапаноўваюць дэгуставаць яблыкі, мёд, памідоры і нават не супраць адрэзаць кавалачак капусты.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

ЛІЧЫЛКА «МГ»
Што пачым?
Цэны (за 1 кілаграм) на рэгіянальным кірмашы:
бульба -- ад 35 капеек;
капуста белакачанная -- ад 80 капеек;
капуста пекінская -- ад 1 рубля 90 капеек;
морква -- ад 80 капеек;
буракі -- ад 75 капеек;
таматы -- ад 1,5 рубля;
цыбуля рэпчатая -- ад 90 капеек;
перац (салодкі) -- ад 2 рублёў.
Мёд (за паўлітра) -- ад 8 рублёў.