Гэтым падзеям прысвячалася вячэрняя ўрачыстасць у Летнім амфітэатры. У ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, ганаровыя грамадзяне раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Маладзечна Каломны, Чарапаўца Расійскай Федэрацыі, Ірпеня Кіеўскай вобласці Украіны.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў павіншаваў прысутных са святамі, асаблівыя словы ўдзячнасці адрасаваў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Юрый Мікалаевіч разам з ваенным камісарам Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Аляксандрам Мацецкім уручыў юбілейны медаль «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» Пятру Лявонцьеву, ганароваму госцю з горада Элісты (Рэспубліка Калмыкія Расійскай Федэрацыі), які ў складзе ІІІ Беларускага фронту ўдзельнічаў у вызваленні Маладзечна. Таксама гэтыя ўзнагароды атрымалі маладзечанцы — былы франтавы разведчык Аляксандр Аўдзееў і былая партызанка Алена Галаван.
Падарункам паважаным ветэранам, як і ўсім гледачам, сталі любімыя песні ваенных гадоў, харэаграфічныя кампазіцыі ў выкананні заслужаных калектываў Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко, ансамбля народнай музыкі «Бяседа», Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца.
— Калі мне было 14 гадоў, наша сям’я перабралася з Турэц-Баяраў у горад, які даў мне стаць на ногі, атуліў пяшчотай, — чулліва гаварыў са сцэны Рыгор Сарока, ганаровы грамадзянін раёна, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктар музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. – Мне давялося бываць у розных гарадах і краінах. І магу сказаць абсалютна шчыра: для мяне няма горада больш прыгожага, больш духоўнага, чым гэты куточак Купалаўскай зямлі.
Ніколі яшчэ са сцэны нашага амфітэатра не гучала «Горка!». Маладзечанцы адрасавалі яго ўнікальнай сямейнай пары Дануце і Івану Карнелюкам, якія пражылі разам 60 гадоў і сёлета адзначылі брыльянтавае вяселле. Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уручыў ім падарунак, а юбіляры пажадалі ўсім сямейным парам дажыць да такой даты.
Яшчэ адзін чуллівы момант — віншаванне дзетак, якія нарадзіліся год таму ў Дзень Незалежнасці. Гэта трое шчасліўчыкаў — Вячаслаў Самойленка, Мілана Барадака і Цімафей Рабец. Малышоў вынеслі на сцэну бацькі, старшыня райвыканкама па шматгадовай традыцыі ўручыў ім трохколавыя веласіпедзікі.
Шмат цёплых слоў адрасавалі маладзечанцам госці з гарадоў-пабрацімаў. Расіяне, украінцы дзякавалі за гасціннасць, адзначалі, што Маладзечна ім вельмі падабаецца і ў нас добрыя перспектывы супрацоўніцтва.
Заключным акордам вялікага свята стала грамадска-патрыятычная акцыя «Спяваем гімн разам», якая аб’ядноўвае пакаленні, напаўняе душу гонарам за сваю краіну і яе людзей. Артысты на сцэне, гледачы ў зале выконвалі Дзяржаўны гімн. Іх галасы зліваліся з галасамі ўсіх удзельнікаў акцыі, жыхароў нашай незалежнай краіны, якія ў адзіным парыве спявалі: «Вечна жыві і квітней, Беларусь!».
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.