Юрый Мікалаевіч азнаёміўся з магчымасцямі прадпрыемства, пабываў на вытворчых участках, дзе вырабляюцца пернікі, зефір, вафлі, пячэнне. Наведаў і складскія памяшканні. Старшыня райвыканкама пагаварыў з актывам фабрыкі на чале з антыкрызісным кіраўніком Паўлам Бухвалавым.
Як вядома, ААТ «Канфа» знаходзіцца ў стадыі санацыі — гэта сістэма мер, накіраваная на фінансавае аздараўленне прадпрыемства і прадухіленне яго банкруцтва. Арганізаваць эфектыўную прыбытковую вытворчасць Павел Васільевіч дапамагае з ліпеня 2019-га.
— Яшчэ некалькі гадоў таму гэта было адно з праблемных прадпрыемстваў на Маладзечаншчыне. Цяпер зрух відавочны. І, спадзяюся, што ўзаемадзеянне з гандлёвымі сеткамі будзе больш плённым, а прадукцыя «Канфы» стане больш запатрабаванай, — зазначыў старшыня райвыканкама.
Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў яго, як прадпрыемствы, у тым ліку і кандытарская фабрыка, спраўляюцца ў сучасных рэаліях дынамічнага эканамічнага рынку, дзе імкліва развіваюцца і ўдасканальваюцца тэхналогіі.
— У цэлым па раёне запасы гатовай прадукцыі ў межах нормы, што тычыцца і «Канфы», — заўважыў Юрый Горлаў. — Мы навучыліся вырабляць розную прадукцыю, трэба вучыцца і прадаваць яе.
Пытанне рэалізацыі даволі шырокага асартыменту смачных вырабаў «Канфы» сапраўды вострае для гэтага прадпрыемства.
— На нашай вытворчасці аддаецца перавага натуральным інгрэдыентам, — зазначае Павел Бухвалаў. — На жаль, шэраг гандлёвых сетак, прычым тыя, што знаходзяцца на тэрыторыі раёна, літаральна не пускаюць нас на свае паліцы. Нават не даюць магчымасці паспрабаваць прадставіць прадукцыю і даць права выбару пакупнікам.
У тых гандлёвых пунктах, дзе ёсць вырабы «Канфы», яны ў ліку запатрабаваных. Аб гэтым гаворыць і тое, што за апошні год амаль удвая вырас аб’ём вытворчасці. А калі прадпрыемства выстаўляе прадукцыю на розных кірмашах, то па яе заўсёды выстройваецца чарга.
— Стабілізаваць сітуацыю ўдалося найперш намаганнямі працоўнага калектыву — гэта і ёсць асноўная каштоўнасць фабрыкі, — падкрэсліў Павел Васільевіч. — Тут шмат вопытных спецыялістаў, якія перажылі розныя часы і крызісы, шчыра хварэюць за вытворчасць і па-ранейшаму не перастаюць верыць у поспех. Замацоўваюцца і маладыя спецыялісты.
Супрацоўнікі камерцыйнага аддзела наладжваюць дзелавыя сувязі і шукаюць рынкі збыту па ўсёй рэспубліцы. У нас хапае сродкаў для разліку з крэдыторамі і за пастаўленую на вытворчасць сыравіну, выплаты заработнай платы, якая, дарэчы, за апошні час павысілася на 20 працэнтаў.
***
Юрый Горлаў наведаў таксама Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Маладзечанскім раёне, дзе адбылася размова з работнікамі гэтай установы.
Тут працуе 49 чалавек. Калектыў - гэта адна каманда, якая стаіць на абароне інтарэсаў страхавальнікаў. За першае паўгоддзе 2020 года прадстаўніцтва сабрана звыш 3,3 мільёна рублёў па ўсіх відах страхавання, выраблена выплат на суму 650 тысяч рублёў. Страхавыя агенты і спецыялісты асаблівую ўвагу надаюць комплекснаму страхаванню жылых памяшканняў.
Набірае абароты добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў. Сярод юрыдычных асоб ўсё больш папулярнымі становяцца разнастайныя віды страхавання адказнасці, у прыватнасці, адказнасці наймальніка за шкоду, прычыненую здароўю работніка.
Поўнасцю матэрыялы ў "Маладзечанскай газеце" за суботу, 25 ліпеня.