Старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў быў госцем на навагоднім ранішніку ў ЦКРНіР, якія наведваюць дзеці з інваліднасцю. Кіраўнік раёна ўручыў дырэктару ўстановы Анжаліцы Шапяленка сертыфікат на набыццё камп’ютара, а дзецям -- цукеркі.
Станоўчыя эмоцыі -- важная ўмова для выздараўлення. Дзецям, якія напярэдадні свят апынуліся ў бальніцы, таксама выпаў шанс сустрэцца з Дзедам Марозам, Снягурачкай і казачнымі персанажамі.
Інтэрактыўны спектакль з карагодамі і гульнямі падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак артысты цэнтралізаванай клубнай сістэмы Анастасія Марчанка, Дзмітрый Бажко, Ірына Хабібава, Ала Канановіч. А намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алеся Лукоўская павіншавала дзяцей з Новым годам і пажадала самага галоўнага -- не хварэць.
Да тых, хто не змог прыйсці на ранішнік, Дзед Мароз з падарункамі завітаў у палату.
Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» будзе доўжыцца да 10 студзеня.
Лілія ЛІПНІЦКАЯ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.