У класах, калідорах ды іншых памяшканнях яшчэ крыху адчуваецца пах свежай фарбы, блішчыць падлога, а ў бібліятэцы складаюць камплекты падручнікаў…
-- Сёлета ў нас праведзены капітальны рамонт пераходнай галерэі, што злучае будынак школы і спартыўны комплекс, -- гаворыць дырэктар Чысцінскай СШ Аляксандр Кісель, які ўзначальвае навучальную ўстанову чатырнаццаты год. – Давялося ўмацоўваць адмостку, бо яна падмываецца вадой. З-за гэтага ў галерэі ўтварылася шчыліна. Яна не ўяўляла ніякай бяспекі, але эстэтычны выгляд хацелася палепшыць. Работы выконвалі прадстаўнікі будаўнічай арганізацыі «ЧысцьБау».
Акрамя гэтага, у школе праведзены бягучы і касметычны рамонт. Ім займаўся абслуговы і тэхнічны персанал. Паўтоны фарбы пайшло для таго, каб у належны стан прывесці не толькі падлогу, але і сцены, дзверы, падаконнікі, парты, столі, у якіх неабходна было і швы зараўняць. Абноўлены басейн, дапаможныя памяшканні.
-- На рамонтныя работы зрасходавана звыш 34600 рублёў, большая частка пайшла на капрамонт пераходнай галерэі і фарбаванне фасада, што прымыкае да яе, -- тлумачыць кіраўнік установы адукацыі. -- Гэтыя грошы выдаткаваны з раённага бюджэту. А звыш сямі тысяч рублёў, што пайшлі на касметычны і бягучы рамонт, наша ўстанова зарабіла сама за кошт аказання платных паслуг.
Нязменным попытам у Чысцінскай СШ карыстаюцца «Школа прапедэўтыкі» (ранняга развіцця) для будучых вучняў і аздараўленчы комплекс з басейнам і саунай.
-- Мы адзіная школа ў сельскай мясцовасці раёна, дзе ёсць такі комплекс, -- зазначае Аляксандр Аляксандравіч. -- Да нас прыязджаюць і жыхары суседніх вёсак, любяць бавіць там час маладзечанцы, мінчане. У басейне арганізуецца навучанне плаванню дзяцей і дарослых. Таксама прапануем у арэнду футбольнае поле, што знаходзіцца на тэрыторыі школы. Тут трэніруюцца і спаборнічаюць як аматары, так і прафесійныя спартсмены. Як кіраўнік і матэматык (гэта адзін з прадметаў, які выкладае Аляксандр Кісель) не магу не лічыць грошы!
Прыбіраць школьныя памяшканні, калідоры, прылеглую тэрыторыю ўстановы і азеляняць яе дапамагалі ў час летняй практыкі вучні сярэдніх класаў.
За ўстановай замацаваныя помнік ахвярам фашызму ў вёсцы Асавец і камень у памяць пра Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне. Навучэнцы Чысцінскай СШ не першы год удзельнічаюць у іх добраўпарадкаванні. Па меркаванні настаўнікаў, падрастаючае пакаленне трэба прывучаць да працы і павагі да мінулага, гісторыі, традыцый.
Першага верасня ў Чысцінскай школе сядуць за парты 865 хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з пасёлка, але і з вёсак Краснае, Асавец, Іўкі, Ракуцёўшчына, Касцюшкі. Колькасць дзяцей тут штогод павялічваецца. Ёсць два класы прафесійнай (педагагічнай) накіраванасці, у якіх пажадалі вучыцца 20 чалавек.
Развіваюць ва ўстанове інклюзіўнае навучанне. У гэтым навучальным годзе 18 вучняў 1-9 класаў будуць займацца па спецыяльнай праграме.
-- У нас працуе інклюзіўная творчая студыя «Мазаіка». Яна аб’ядноўвае ўсіх нашых вучняў рознага ўзросту, якія займаюцца як па спецыяльнай, так і звычайнай праграме, а таксама выпускнікоў, якія жадаюць займацца творчасцю, -- далучаецца да размовы намеснік дырэктара па пачатковых класах і кіраўнік гэтага аб’яднання Алена Лемантовіч. -- Мы разам малюем, спяваем, ладзім гульні і канцэрты -- з карысцю бавім вольны час. Збіраемся пераважна па суботах.
Заняткі для дзяцей Алена Віктараўна арганізуе з іншымі настаўнікамі, у тым ліку дэфектолагамі. Па словах кіраўніка інклюзіўнай студыі, яе аналагаў у раёне няма. Яна дзейнічае пры падтрымцы рэспубліканскай праграмы «Настаўнік для Беларусі», удзельніцай якой Алена Лемантовіч з’яўляецца з верасня мінулага года. У рамках праекта аказваецца і метадычная дапамога зацікаўленых структур, і спонсарская, дзякуючы якой школа атрымала партатыўную музычную калонку, рэлаксацыйныя крэслы-грушы, ліхтар, мэблю для абнаўлення інтэр’ера класаў.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.