Новости Молодечно и Молодечненского района

Хлебаробы працавалі з поўнай аддачай

  • 2021-09-13 08:05:15
  • Алег Бяганскі

— Традыцыйна раён спецыялізуецца на вырошчванні пшаніцы, таму значныя плошчы былі адведзены пад гэту культуру, — паведаміў Аляксей Мікалаевіч. – Пры гэтым уводзіліся і новыя культуры. Так, у аграфірме «Лебедзева» пачалі вырошчваць гарох і атрымалі добры ўраджай. У гаспадарках «Усход-Агра», «Гарадзілава» і «Лебедзева» пасеялі азімы ячмень. Яго сярэдняя ўраджайнасць склала 60 цэнтнераў з гектара. Сёлета пасевы азімага ячменю значна павялічацца.

Субяседнік адзначыў, што на ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у гэтым годзе паўплывала надвор’е. На некаторых палях азімыя загінулі, а частка пасеваў выйшла з зімоўкі аслабленай. Трэба было перасяваць тысячу гектараў. Каб захаваць ураджай, на палеткі ўносілася дадатковая колькасць мінеральных угнаенняў.

Жніво таксама праходзіла ў складаных умовах. Калі летась у час уборачнай дажджоў не было і кампанія прайшла на адным дыханні, сёлета з-за ападкаў хлебаробы вымушаны былі рабіць перапынкі. Каб сабраць збожжа без страт, аграрыі прыклалі максімум намаганняў. Аднак выйсці на запланаваныя паказчыкі ўсё ж не ўдалося.

— Сярэдняя ўраджайнасць па раёне сёлета склала 38,4 цэнтнера з гектара, — расказаў Аляксей Раманюк. – Гаспадаркі Маладзечаншчыны намалацілі 65,5 тысячы тон збожжавых і зернебабовых. Недабор збожжа плануецца кампенсаваць зярнятамі кукурузы.

Бясспрэчны лідар жніва – ААТ «Гарадзілава». У гаспадарцы не дапусцілі зніжэння ўраджайнасці і намалоту. Паказчыкі тут з году ў год стабільна высокія. Нядрэнна спрацавалі аграфірма «Лебедзева», ААТ «Селеўцы», іншыя гаспадаркі.

Аляксей Мікалаевіч падкрэсліў, што ў раёне ўжо цяпер закладваюцца асновы пад будучы ўраджай. Вядзецца накапленне мінеральных угнаенняў. Назапашваецца насенне высокапрадукцыйных сельскагаспадарчых культур айчыннай і замежнай селекцыі. Сёлета запланавана адвесці больш плошчаў пад азімыя збожжавыя і азімы рапс.

Там, дзе землі малаўрадлівыя, плануецца пасадка азімай свірэпіцы. Рэнтабельнасць вырошчвання гэтай культуры высокая, што выгадна для гаспадарак.

— Хлебаробы раёна працавалі з поўнай аддачай і заслугоўваюць шчырай падзякі, — зазначыў Аляксей Раманюк. – Яны прыклалі шмат намаганняў, каб вырасціць і ўбраць ураджай. У Беразінскім у іх гонар ладзяцца «Дажынкі». У аграгарадку да свята праведзена маштабнае добраўпарадкаванне.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.