Распаўсюджвальнікамі небяспечнай хваробы з’яўляюцца, у тым ліку, і дзікія свінні. Таму ў Рэспубліцы Беларусь, а адпаведна, і на тэрыторыі Маладзечанскага раёна карыстальнікі паляўнічых угоддзяў прымаюць усе меры па адстрэле дзіка.
Асаблівай увагі патрабуюць асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян. Менавіта адсюль і пачынаюцца ўспышкі хваробы. У сувязі з гэтым гаспадары, якія ўтрымліваюць свіней, павінны прытрымлівацца правілаў, што дазволяць захаваць здароўе жывёлы і пазбегнуць магчымасці занясення віруса АЧС на тэрыторыю асабістага падворка. Правілы гэтыя простыя, разам з тым эфектыўныя.
Так, утрымліваць жывёлу неабходна ў ізаляваных памяшканнях, не дапускаць вольнага выпасу свіней і наведвання асабістых падсобных гаспадарак пабочнымі асобамі. Нельга скормліваць свінням харчовыя адходы і адходы, атрыманыя пасля забою свіней, карміць пагалоўе неабходна кормам, які прайшоў тэрмічную апрацоўку. Не варта набываць корм і кармавыя дабаўкі невядомага паходжання ў неўстаноўленых гандлёвых месцах без наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць паходжанне і бяспеку кармоў. Канцэнтраты неабходна набываць праз сетку ўстаноў гандлю спажыўкааперацыі альбо праз фірменны гандаль камбіната хлебапрадуктаў. Мяса і мясапрадукты таксама нельга купляць у неўстаноўленых гандлёвых месцах, без ветэрынарных суправаджальных дакументаў. Для наступнай рэалізацыі прадукцыі свінагадоўлі на рынках неабходна праводзіць забой свіней толькі на мясаперапрацоўчых прадпрыемствах. Трэба рэгулярна апрацоўваць свіней і памяшканні для іх утрымання ад крывасосных насякомых (кляшчоў, вошай, блох), пастаянна весці барацьбу з грызунамі.
Пры наведванні лясных масіваў рэкамендуецца абыходзіць месцы, дзе водзяцца дзікі. Пасля вяртання з лесу варта змяніць абутак, а заменены – памыць і прадэзынфіцыраваць. На асабістым падворку перад уваходам у памяшканне, дзе ўтрымліваюцца свойскія свінні, неабходна абсталяваць дэзынфіцыруючую ванну альбо дэзпадушку, запраўленую дэзынфіцыруючым сродкам.
З мэтай своечасовага выяўлення магчымага захворвання жывёл варта штодня аглядаць свіней. Пры захворванні АЧС у жывёл павышаецца тэмпература цела да 40,5 – 42,0 градусаў, адзначаецца моцная смага, задышка, кашаль, з’яўляюцца прыступы рвоты, парэзы і паралічы задніх канечнасцей. Назіраюцца выдзяленні з носа і вачэй, запор, часам панос з крывёю. Хворая жывёліна больш ляжыць, закапаўшыся ў подсціл, млява паднімаецца, перамяшчаецца і хутка стамляецца. На скуры ў вобласці ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, ля вушэй прыкметныя чырвона-фіялетавыя плямы, якія пры націсканні не бляднеюць. З моманту заражэння да з’яўлення першых прыкмет захворвання праходзіць ад двух да шасці сутак. Гіне да ста працэнтаў свіней, якія захварэлі. Для чалавека афрыканская чума свіней небяспекі не ўяўляе.
Аб усіх выпадках захворвання жывёлін неабходна неадкладна паведамляць работнікам дзяржаўнай ветэрынарнай службы па адрасах: Маладзечанскі раён, в. Мянюткі, д. 1в, ДУ «Маладзечанская райветстанцыя», тэл. 500-409; г. Маладзечна, вул. Грамадоўская, 23, гарадская ветэрынарная станцыя, тэл. 502-819.
Мікалай МАЛІНЕЦ,
галоўны ветэрынарны ўрач Маладзечанскага раёна.