Будынкі, дзе размесцяцца гандлёвыя павільёны, знаходзяцца ля гарадской паліклінікі №2. Цяпер яны рэканструююцца. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па развіцці ГЦ «Спадарожнік» Наталля Валовіч.
— У новым гандлёвым цэнтры плошчай каля 7,5 тысячы квадратных метраў плануецца ўстанавіць эскалатары. Павінен спадабацца пакупнікам і адзіны ў горадзе ліфт з панарамным аглядам. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі будзе створана безбар’ернае асяроддзе. А маленькія наведвальнікі змогуць дачакацца бацькоў у спецыяльнай гульнявой зоне, дзе з імі будуць займацца аніматары. Плошча будаўнічага гіпермаркета складзе каля 15 тысяч квадратных метраў, — адзначыла Наталля Юр’еўна.
Субяседніца дадала, што ў раёне новых гандлёвых пляцовак плануецца дадаткова ўладкаваць звыш 500 парковачных месцаў для аўтамабіляў. У ходзе рэканструкцыі прымяняюцца толькі сертыфікаваныя будаўнічыя матэрыялы айчыннай вытворчасці. Так, уцяпляльнік паступае з Гомеля, керамічная плітка — з Бярозы. Работы праводзіць будаўнічая брыгада «Спадарожніка».
— Пасля ўводу ў эксплуатацыю новых гандлёвых плошчаў у горадзе з’явяцца дадатковыя працоўныя месцы, што вельмі важна для Маладзечна, — падкрэсліла Наталля Валовіч. — Патэнцыяльныя арандатары ўжо цікавяцца аб’ектамі. Некаторыя заключылі адпаведныя дагаворы.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН і архіў ГЦ «Спадарожнік».