Новости Молодечно и Молодечненского района

Франц Світо — урач, стваральнік, вынаходнік

  • 2023-03-10 08:29:20
  • Ірына Рабушка

Успышка інфекцыі спынена

Франц Іосіфавіч родам з Мядзельшчыны, але яго лёс непарыўна звязаны з нашым краем. На працягу 35 гадоў ён узначальваў абласную станцыю пералівання крыві, якая і сёння размяшчаецца ў Маладзечне.

Пасля заканчэння ў 1954 годзе Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (цяпер — універсітэт) Франц Іосіфавіч узначаліў Бакштанскую сельскую ўчастковую бальніцу Юрацішкаўскага раёна, які на той момант уваходзіў у склад Маладзечанскай вобласці. У фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея захавалася аўтабіяграфія ўрача. Франц Іосіфавіч пісаў, што Бакштанская бальніца абслугоўвала адзін з самых складаных участкаў у вобласці. Аддаленасць ад раённага цэнтра — 20 кіламетраў, бездарожжа, адсутнасць транспарту, электраасвятлення, тэлефоннай сувязі… Да таго ж будынак бальніцы, што знаходзіўся на хутары, развальваўся. Тады пастаянна ўзнікалі ўспышкі інфекцыйных захворванняў. У першую ж зіму давялося мабілізаваць медперсанал на барацьбу са шкарлятынай, адром, коклюшам. Летам 1955 года разгарэлася ўспышка тулярэміі. Было шпіталізавана больш за 60 чалавек, і ўсе выздаравелі.

Праводзіўся абход насельніцтва, у полі сельскім жыхарам чыталі асветніцкія лекцыі аб небяспечнай інфекцыі. Ім рабілі прышчэпкі ад яе. Інфекцыю ўдалося ліквідаваць за даволі кароткі час.

Франц Іосіфавіч працаваў галоўным урачом і ў Занарачанскай сельскай бальніцы на Мядзельшчыне. У аўтабіяграфіі ён расказвае, што там трэба было ствараць літаральна ўсё: ад арганізацыі прафілактычна-лячэбнай работы да матэрыяльна-тэхнічнай базы. Але ўрэшце за час яго кіраўніцтва бальніца ўвайшла ў лік лепшых у раёне і вобласці.

Эксперымент удаўся

Абласную станцыю пералівання крыві Франц Світо ўзначальваў з 1957-га да 1992 года. Дарэчы, да 1959-га яна знаходзілася ў Вілейцы, потым — у Маладзечне.

— З 1957 года па ўсім Савецкім Саюзе прапагандавалася бязвыплатнае донарства, — заўважае навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Канстанцін Скур’ят, які прымаў удзел у стварэнні выстаўкі, прысвечанай урачу. — Сярод абласных станцый БССР першымі ў гэтым кірунку якраз былі медыкі пад кіраўніцтвам Франца Іосіфавіча.

Аб поспехах установы ў развіцці донарства сведчаць і шматлікія ўзнагароды, у тым ліку Міністэрства аховы здароўя, прадстаўленыя на выстаўцы.
Франц Світо займаўся навуковай дзейнасцю. У 1968 годзе ён атрымаў ступень кандыдата медыцынскіх навук. У музейнай экспазіцыі ёсць аўтарэферат кандыдацкай дысертацыі «Эксперыментальнае вывучэнне айчыннага прэпарата мачавіны для ін’екцый і некаторыя пытанні яго вырабу». Варта адзначыць, што ў 1963 годзе ўрач атрымаў на гэты прэпарат аўтарскі патэнт, копію якога наведвальнікі музея могуць убачыць.

— Рыхтаваць выстаўкі пра адметных землякоў вельмі цікава, — заўважае Канстанцін Скур’ят. — Асабліва быў здзіўлены працавітасцю Франца Іосіфавіча. Людзі, якія працуюць на карысць іншых, заўсёды натхняюць на лепшыя памкненні. Яго лёс сапраўды заслугоўвае павагі. Відавочна, што гэтага ўрача ведаюць многія. На выстаўку, прысвечаную яму, нярэдка прыходзяць тыя, каму ён дапамог.

Памяць жыве

У музеі размешчаны матэрыялы як з асабістага архіва Франца Світо, так і яго сына Уладзіміра, які працягвае бацькаў шлях у прафесіі і ўжо чатырнаццаты год кіруе абласной станцыяй пералівання крыві. На выстаўцы ёсць розныя фотаздымкі (напрыклад, адлюстраваны працэс забору донарскай крыві ў 1950-1960-я гады), кнігі з навуковымі работамі Франца Іосіфавіча і яго аўтографам, калекцыя значкоў савецкага і постсавецкага часу, прысвечаная службе донарства, у тым ліку рэдкія экзэмпляры. Прадстаўлены і сімвалічны медаль, зроблены на мясцовым заводзе «Спадарожнік» да 25-годдзя станцыі пералівання крыві. Ёсць сывараткі для вызначэння групы крыві і антыцел, а таксама гемаглабінометр савецкага ўзору для вымярэння гемаглабіну, што ў хуткім часе стане экспанатам яшчэ адной выстаўкі. У Мінскім гарадскім цэнтры трансфузіялогіі ствараецца музей крыві, асобны стэнд будзе прысвечаны Францу Світо. Аб гэтым расказаў Уладзімір Францавіч, які адгукнуўся на прапанову дапамагчы арганізаваць выстаўку і ў Маладзечне, і ў сталіцы.

— Нашай сям’і вельмі прыемна, што пра Франца Іосіфавіча памятаюць людзі, — заўважае сын. — Блізкія таксама ставіліся да яго з вялікай павагай. — Асабіста я запомніў бацьку добрым, клапатлівым і разам з тым патрабавальным чалавекам. Ён быў вельмі рад, што я прыйшоў на змену яму і ўзначаліў станцыю пералівання крыві.

На выстаўцы прадстаўлены і шматлікія віншавальныя адрасы з нагоды адметных дат, якія Францу Світо дасылалі калегі з розных куткоў Беларусі. Размешчаны і прылады, інструменты з фондаў абласнога краязнаўчага музея, што выкарыстоўвалі медыкі савецкіх часоў. Напрыклад, шматразовыя шпрыцы і халат. Таму гэта выстаўка — своеасаблівае падарожжа па вехах гісторыі не толькі донарства, але і ўвогуле медыцыны.

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.