У пасяджэнні прымалі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, ГРАНС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Дзяржэнергагазнагляду, Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Спецыялісты праверылі малочнатаварныя фермы «Цюрлі» і «Палачаны», а таксама малочнатаварны комплекс «Груздава».
Увага звярталася на стан тэрыторыі вакол ферм, правільнасць вядзення дакументацыі, укамплектаванасць аптэчак, спраўнасць электраабсталявання, наяўнасць сродкаў пажаратушэння... Правяралася, ці выдаецца жывёлаводам спецвопратка, якім чынам адбываецца праверка ведаў па ахове працы, як кантралюецца выкананне тэхналагічных нормаў.
За кароткі час склалася поўная і аб’ектыўная карціна. Потым адбылася прынцыповая размова з кіраўніцтвам таварыства, адказнымі асобамі і загадчыкамі фермаў. Па выніках праверкі былі выдадзены адпаведныя рэкамендацыі.
Як адзначыла намеснік старшыні камісіі начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, асноўная мэта падобных мерапрыемстваў — захаваць жыццё і здароўе работнікаў, выключыць фактары рызыкі вытворчага траўматызму. На гэта накіравана работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Прычым выконваць нормы заканадаўства па ахове працы павінны і наймальнікі, і наёмныя работнікі.
— У перыяд жніва павышаная ўвага ўдзяляецца ўсім прадпрыемствам і арганізацыям аграпрамысловага комплексу, — падкрэсліла Алена Міхайлаўна. — Што тычыцца канкрэтнага месца выязнога пасяджэння, то ранейшыя маніторынгі выявілі ў «Палачанах» шэраг парушэнняў. Акрамя таго, нядаўна тут адбыўся выпадак вытворчага траўматызму. Таму і паўстала неабходнасць прааналізаваць сітуацыю, якая склалася ў гаспадарцы, звярнуць увагу адказных асоб на існуючыя праблемы.
Падводзячы вынікі наведвання фермаў, члены камісіі падкрэслілі, што ўстараненне шэрагу недахопаў не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Немалаважнае значэнне мае выкананне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Дапускаць да работы спецыялістаў трэба толькі пасля правядзення інструктажу і праверкі ведаў па ахове працы. На вытворчасці неабходна арганізаваць наркалагічны кантроль.
— Якасць прадукцыі жывёлагадоўлі залежыць ад выканання санітарных нормаў на малочнатаварных фермах і комплексах, — зазначыў галоўны ўрач занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Грабоўскі. — Вось чаму тэрыторыя вакол аб’ектаў жывёлагадоўлі павінна быць добраўпарадкавана, вытворчыя і бытавыя памяшканні ўтрымлівацца чыстымі, а персанал своечасова атрымліваць спецвопратку, сродкі асабістай гігіены і прэпараты для мыцця і дэзінфекцыі абсталявання.